Лёс, як кіно: Чарнобыль, тры жонкі ды сэрца на батарэйках


Як атрымаўшы 2 кватэры застацца без жытла і пасля 3 шлюбаў вярнуцца да першай жонкі.

Іван Карачун правёў 30 год у падвалах, каб сям’я атрымала кватэру. Працаваў сантэхнікам у ЖКГ. У 1980-я гады было дастаткова працаваць у сістэме ЖКГ 10 гадоў – і службовае жытло можна было прыватызаваць. Але правілы змяніліся, і цяпер чыноўнікі прымушаюць плаціць за кватэру як за арэндную.

Перапынак у працы быў толькі тады, калі мужчыну адправілі ліквідаваць наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС. На памяць ад тых часоў засталася грамата. Праз шмат гадоў пасля ліквідацыі мужчына захварэў на рак. Сувязь хваробы з радыяцыяй афіцыйна не пацвердзілі, але аднапакаёўку за небяспечную працу спадар Іван атрымаў. І пакінуў яе дачцэ ад трэцяга шлюбу.

На пачатку 1990-ых мужчына развёўся з першаю жонкаю, зʼехаў з той самай службовай кватэры і пабраўся шлюбам яшчэ раз, потым зноў развёўся і зноў ажаніўся. А калі захварэў і на год трапіў у шпіталь, падтрымала мужчыну толькі ягоная першая жонка. Так праз дзесяць гадоў яны зноў пачалі дачыненні ды зноў зарэгістравалі шлюб.

Калі лячылі анкалогію, не вытрымала сэрца, і ў спадара Івана здарыўся інфаркт. Цяпер ён жыве, дзякуючы кардыёстымулятару. І перажывае за сваю кватэру.

Нягледзячы на тое, што ўсе гэтыя гады Іван Карачун працягваў працаваць у ЖЭС і лічыўся наймальнікам, прапісаны ён быў у іншым месцы. І гэтая выпіска са службовай кватэры дорага абышлася мужчыне. Жонку не прызнавалі наймальніцаю, бо яна не працуе ў ЖЭС. А потым і прыватызаваць жытло не далі, хоць закон на той час прадугледжваў гэткую магчымасць.

Цяпер сужэнцы плоцяць дзяржаве за арэнду сваёй кватэры. Пакуль яны хадзілі па інстанцыях, яе перавялі ў шэраг камерцыйнага жытла, а жонка аўтаматычна страціла права стаяць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоваў.

Ці можна развязаць гэтую праблему, у сюжэце праграмы «Асабісты капітал» раіць адвакатка Юлія Князь (відэа вышэй).

А гэта – праграма «Асабісты капітал» цалкам: