Лёс Анатоля Сыса як адлюстраванне лёсу краіны


Паэт Анатоль Сыс ужо пры жыцці зрабіўся жывою легендаю. Сваім духоўным бацькам ён лічыў Янку Купалу, а братам па крыві – Максіма Багдановіча. Гэтак піша Эдуард Акулін. У чым феномен Анатоля Сыса, дзе карані ягонага таленту, і як яго сёння памятаюць?

Жыццё Анатоля Сыса (1959–2005) было кароткае. Але яму хапіла часу напісаць тое важнае, што абяссмерціла ягонае імя і паставіла ў адзін шэраг з беларускімі паэтамі першай велічыні. Росквіт ягоных творчых сілаў прыпаў на пералом 1980–1990-х гадоў, калі ў беларускім паветры веяў водар зменаў да лепшага. Але гэты час мінуў, і Анатоль Сыс зрабіўся зусім іншым чалавекам – быццам нешта зламалася. Ранейшы паэт, прыгожа адзеты, які ніколі не ўжываў лаянкі, кінуў пісаць і ператварыўся ў эксцэнтрычнага і эпатажнага чалавека.

Доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч пабываў у роднай вёсцы Анатоля Сыса, у Гарошкаве, каб паказаць малую радзіму паэта і пагаварыць з ягонай сястрою Тамараю. Сваімі ўспамінамі падзеліцца і паэт, аўтар прадмовы да амаль поўнага збору твораў Анатоля Сыса «Лён», Міхась Скобла.

Адно з важных для Анатоля Сыса месцаў – старажытнае гарадзішча, адкрытае ля Гарошкава. У свой час ён абараніў яго ад разбурэння. У Гарошкаве і цяпер ідуць археалагічныя раскопкі, якія маюць на мэце даследаванне Зарубінецкай археалагічнай культуры. Адно з выданняў праграмы «Загадкі беларускай гісторыі» прысвечана ім.

Загадкі беларускай гісторыі
Гарошкаў пад Рэчыцай. Адсюль пайшлі славяне
2020.04.01 08:10

Праграма «Загадкі беларускай гісторыі» выходзіць на «Белсаце» кожны панядзелак а 18:45. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.