Лябедзька: Лукашэнка быў дэпутатам, які не галасаваў за незалежнасць. Ён схаваўся ў туалеце


«Трэба спыніць «бадзянні» па мірных вуліцах. Трэба спыніць усялякія размовы пра суверэнітэт і незалежнасць», – казаў Аляксандр Лукашэнка. У адказ яму суды масава каралі штрафамі мірных пратэстоўцаў супраць інтэграцыі з Расеяй. Больш за 40 працэсаў і амаль 35 тысяч рублёў штрафаў – такія вынікі дня.

Сярод пакараных – палітык Анатоль Лябедзька, які распавёў, у чым адметнасць гэтых судовых працэсаў у параўнанні з усімі папярэднімі:

«[Гэты працэс] не ўкладваецца ў звычайныя рамкі адносін апазіцыя-міліцыя. Гэта ўсё ж такі закранае пытанне будучыні».

Анатоль Лябедзька распавёў, што падчас свайго судовага працэсу намагаўся данесці гэта нават да суддзі:

«Я выходзіў на вуліц, каб абараніць у тым ліку і Вас! Таму што праз паўгода можа здарыцца так, што старшыня ўжо Вярхоўнага Суда РФ паставіць у Вашую працоўную кніжку штамп, што Вы не патрэбныя гэтай сістэме».

Таксама палітык падкрэсліў недарэчнасць сітуацыі, у каторай Лукашэнка, паводле яго, намагаецца манапалізаваць тэму незалежнасці:

«Гэта выклікае ў мяне асабіста ўсмешку, але я не выключаю, што будзе цэнзура на гэтае слова [незалежнасць], на тое, каб нехта яго выкарыстоўваў, акрамя Аляксандра Лукашэнкі. І пра гэта гаворыць той чалавек, які, – прабачце, я гавару пра гэта як дэпутат незалежнасці – калі прыдавалася сіла канстытуцыйнага закону Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце, Лукашэнка быў тым дэпутатам, які, прабачце, схаваўся ў туалеце і не галасаваў за гэтае рашэнне. Чаму сёння мы павінныя думаць, што ў чарговы час ікс ён ізноў не схаваецца дзе-небудзь у туалеце ў адной са сваіх рэзідэнцый?»

Сярод тых, каго судзілі ў Менску 9 студзеня – блогер Мікалай Маслоўскі. Абвінавачаны кажа пра грубую хлусню з вуснаў міліцыянтаў:

«Там [у судзе] даказухі няма. Там ёсць толькі паказанні двух амонаўцаў, якія сцвярджаюць, што я нібы там [на Плошчы] быў. То бок нармальны суддзя павінен быў бы патрабаваць якой-небудзь дадатковай даказальнай базы або адправіць справу на дапрацоўку…»

Таксама журналісты «Белсату» спыталі ў жыхароў Менску: калі судзіць патрыётаў, то хто тады будзе бараніць незалежнасць краіны?

  • 9 студзеня 35 чалавек былі пакараныя штрафамі ў агульным памеры 34 тысячы 500 рублёў за ўдзел у акцыях супраць інтэграцыі з Расеяй. Суды за антыінтэграцыйныя пратэсты працягнуліся 10 студзеня ў Менску і іншых гарадах Беларусі.
Hавiны
Блогер Шэры Кот застаўся ў ІЧУ – яго пакаралі новым арыштам
2020.01.10 09:43

Віталь Бабін belsat.eu