Лябедзька: Улады мусяць прызнаць, што іхная эканамічная палітыка завяла нас у тупік


Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі пракаментаваў выказванні кіраўніка краіны наконт сярэдняга заробку.

Аляксандр Лукашэнка сёння прызнаў, што з выкананнем ягонага даручэння наконт заробку ў 1000 рублёў «шмат пытанняў». Як выяўляецца, аднаго слова Лукашэнкі мала, каб беларусы добра зажылі.

Улады з аднаго боку кажуць пра заробак у 1000 рублёў, з іншага – налічваюць 500 тыс. беспрацоўных беларусаў. Дзе логіка? Няма працы, а абяцаюць тысячу рублёў.

Сітуацыю пракаментаваў старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

«Першае, што мусяць зрабіць улады, што даецца ім вельмі цяжка, – прызнаць, што эканамічная палітыка завяла нас у тупік. Трэба сказаць, што Беларусі патрэбная новая эканамічная палітыка. Патрэбна рэалізаваць тую ж праграму «мільён новых працоўных месцаў», якая рэалізуецца на праграмах, што былі ўжытыя ў той жа Польшчы, у той жа Швецыі, якія прывялі да поспехаў. Гэтыя рэчы рэалізавалі ўжо нашыя бліжэйшыя суседзі. Гэта не проста, гэта складана, але патрэбна пазбавіць людзей такой вялікай дзяржаўнай апекі, трэба даць свабоду малому і сярэдняму бізнесу. Патрэбна, каб у нас быў суд, які дасць магчымасць пры канфліктах з тымі ж інвестарамі, каб яны ішлі ў суд і знаходзілі абарону. Патрэбна стварыць рэальныя магчымасці, каб інвестар быў зацікаўлены сюды прыходзіць. Патрэбна вярнуць тыя 100 тыс. асобаў, згаданых Качанавай, якія працуюць за межамі Беларусі. Калі яны там працуюць, то гэта добрыя спецыялісты, іх трэба вяртаць назад у Беларусь», – заявіў Анатоль Лябедзька.