Ля Трактарнага заводу хутка знікнуць пасляваенныя двухпавярховікі


Пасляваенныя двухпавярхоўкі з самаробнымі гаўбцамі, каванымі краткамі ды пілястрамі ў раёне Трактарнага заводу Менску ўвесну маюць быць знесеныя.

Атмасферныя дамкі, якія ствараюць клімат цэлага раёну, даўно палюбіліся фатографам, гасцям і жыхарам сталіцы.

На развітальны з будынкамі шпацыр запрасіў менчукоў экскурсавод Раман Абрамчук. Неўзабаве тут паўстануць шматпавярхоўкі. Пабачыць цагляныя «ахвяры» дзяржаўнага Генплану на вуліцах Чабатарова, Клумава і Шчарбакова прыйшлі сотні людзей, што само стала відовішчам.

Сярод іх і тыя, чыё дзяцінства прайшло ў гэтых утульных дворыках з кветнікамі:

«Шкадуеш, што ў дзяцінстве не цікавіўся ўсім гэтым. Фатаграфаваць, напрыклад. На памяць пакінуць… Настальгія ўжо нейкая з’яўляецца. Вядома, калі такія месцы будуць разбураныя, то горад вельмі шмат страціць».

Гэта быў першы паваенны пасёлак, разбудаваны пры заводзе ўсесаюзнага значэння № 1 паводле найлепшых нормаў таго часу. Двары і будынкі паўсталі згодна з праектамі, прывезенымі з Нямеччыны ў якасці трафею. Шмат якія дворыкі спраектаваныя асіметрычна, а гармонія вуліцаў дасягалася праз асобныя дэталі дэкору.

Распавядае арганізатар экскурсіі Раман Абрамчук:

«Пра Менск ужо напісаная кніга Томаса Бона «Немцы», які назваў гэты пасёлак самым цікавым месцам у Менску. Цяпер француз – навуковец – піша кнігу пра Менск, менавіта пра сацыялістычную спадчыну».

Раён мог бы стаць месцам для арт-пляцовак, турыстычнаю мекай па часах савецкай гісторыі, кажа адмысловец. Як пацверджанне – дзясяткі замежнікаў, што прыйшлі на развітальны шпацыр, напрыклад, турыстка з Нямеччыны Бэатрыс: «Вельмі здзівіла, што ў тыя часы архітэктары ўяўлялі, як пабудаваць зручны для жыцця працоўных раён. Гэтак, яны спраектавалі плошчы, каб людзі маглі сустракацца там сама, дзе і жывуць».

Удзельнікі шпацыру ўсё яшчэ спадзяюцца на літасць уладаў і на месцы падпісваюцца за захаванне цэласнасці раёну. А ў лютым плануецца яшчэ некалькі гэткіх экскурсіяў. На жаль, падобна, што гэта – апошняя магчымасць пабачыць адзін з самых цікавых кварталаў Менску перад тым, як ён назаўсёды страціць сваё аблічча.

Іншыя тэмы:

Кашуля ад «к» да «я»: як уласнаручна пашыць і вышыць сабе сарочку?

У Беларусі зʼявіўся першы фестываль экалагічнага кіно.

Перформанс не раўняецца спектакль. Прэмʼеры «Незвычайнага тэатру» у Горадні.

Чытайце таксама:

Таццяна Уласенка, Вольга Гардзейчык, belsat.eu