Лукашэнку заменіць робат. NEXTA на «Белсаце»


Аляксандр Лукашэнка наведаў Парк высокіх тэхналогіяў, дзе кіраўніку краіны паказалі лічбавыя тэхналогіі ды распрацоўкі ў галіне робататэхнікі.

Уся планета з трыумфам сустракала 21-ае стагоддзе. Яно прыйшло і прынесла звышсучасныя тэхналогіі нават у аддаленыя куточкі Беларусі. Дзякуючы ім пасяўныя могуць праходзіць тэхналагічна, як падае «Дзвінская праўда».

Мы прыглядзеліся да беларускіх інавацыйных тэхналогіяў пасяўной: сейбітаў-робатаў і электратрактарам.

«Трактар з механічнай трансмісіяй ідзе пад горку, рухавік давіцца, яму трэба спыніцца і пераключыць хуткасць. Тут на гэтай трансмісіі камп’ютар выбірае такую хуткасць трактара, запаволіць, каб хапіла магутнасці… Гэты трактар можа працаваць як электрастанцыя», – кажа галоўны канструктар МТЗ Мікалай Зязетка.

Кемлівы кіраўнік краіны адразу зацікавіўся перспектывамі электратрактара:

«Калі нават акупнасць нулявая будзе, то мы выйграем».

Дарэчы, першы электратрактар баразніў палі Савецкага Саюзу 70 гадоў таму, але тэхналогія не прыжылася. На думку Лукашэнкі, новая распрацоўка МТЗ будзе «карыснай для ўсяго свету».

У кітайскіх правінцыях сёння актыўна выкарыстоўваюцца электратрактары-беспілотнікі з мікрапрацэсарнымі сістэмамі кіравання – беларускую распрацоўку нашыя кітайскія сябры могуць набыць, каб паставіць у гістарычным музеі.

Але ёсць у нас і іншыя ноу-хау. Ва ўсім свеце для большых надояў і лепшага настрою кароўкам уключаюць музыку. Але нідзе, апроч Беларусі, гэтага не робіць кіраўнік краіны.

Рэпартаж Вольгі Старасцінай пра рывок Беларусі ў будучыню глядзіце ў поўным аглядзе субʼектыўных навінаў тыдня.