Лукашэнку не хочацца жыць. NEXTA на «Белсаце»


Курыце не закашляйцеся! І націскайце на чарку. Бо калі нап’ешся, курыць яшчэ смачней. Лукашэнка спраўдзіў, наколькі добра працуе новая праграма аздараўлення бюджэту за кошт вашых шкодных звычак.

Палім усё больш, набываем у «Табакерцы», якая стаіць у 15-метровай зоне без палення побач з антынікатынаваю рэкламай. Падыходзь і набывай, бо…

«Пры ўсім негатыве тытуню і алкаголю гэта сурʼёзныя артыкулы пры фармаванні нашага бюджэту», – канстатуе Аляксандр Лукашэнка.

Грошы тытунём не смярдзяць! Таму зацягвайцеся на здароўе – папаўняйце скарбніцу! Год таму кіраўнік краіны падзяліўся манаполіяй на імпарт тытуню з алігархам Алексіным з «Інтэр Табака», які абяцаў падсадзіць на цыгарэты яшчэ больш беларусаў. «Табакеркі» растуць як грыбы: на прыпынках, ля школ і нават больніцаў. І раптам – Пуцін са сваім абʼяднаннем рынкаў: кошты на «нікацінавае паліва» могуць падскочыць…

«Што недапушчальна для Беларусі і для грамадзянаў Беларусі. Хоць я курцоў не падтрымліваю», – пярэчыць сабе галоўны бізнесовец.

Алкаголікаў ён таксама нібы не падтрымлівае, але грошы і перагарам не смярдзяць! Таму просіць адказных «падрыхтавацца да абмеркавання такога ж пытання, звязанага з вытворчасцю і рэалізацыяй алкагольных тавараў», то бок чакай алкашапікаў і выгаднай для бюджэту формулы жыцця: не дацягнеш да пенсіі – дзяржплан выканаў!

Выключэнне – блізкае атачэнне: з тэрыторыі Палацу незалежнасці палярню напярэдадні прыбралі. Распачалі перадсвяточны марафет. Напярэдадні адкрыцця палацу Лукашэнка згадваў: «Усё тут зроблена нашымі людзьмі на 90 % з нашых матэрыялаў».

Толькі жырандолі ў вітальнай зале, пакрытыя золатам, зробленыя фабрыкаю графа Томаса Фаўстыга, якая стварае свяцільнікі для найбагацейшых гэтага свету. З беларускіх шыковінак змахнулі пыл і замянілі лямпачкі – рукамі працаўнікоў. Гэтак мы даведаліся прычыну сямейнага становішча Лукашэнкі, які заяўляў:

«Жонкі выганяюць мужыкоў з дому і кідаюць, семʼі руйнуюцца, бо яны нічога рабіць не ўмеюць! Ён лямпачку не можа закруціць у жырандолю!»

Затое для Беларусі верны гаспадар… быў гэтыя 25 гадоў, пакуль Расея не ўзяла ў цесныя інтэграцыйныя абдымкі. Не мог адмовіць Пуціну, якому ў брацкім Кыргызстане ўсталявалі помнік на 2,5 метра. Ініцыятар праекту, гаспадар тамтэйшага лыжнага курорту Акбар Разіеў лічыць, што «Пуцін асабліва вылучыўся. Ён для мяне прыклад мужчыны, прыклад прыстойнасці».

Можа, і наш кіраўнік да прыжыццёвага помніку дарос, і варта ўсталяваць? Пытаемся ў менчукоў:

«Мяркую, што трэба, але там – у Кыргызстане».

«Так, безумоўна, але з клюшкаю, бо як жа інакш!»

«Ды няхай яны ўсе ідуць да дʼябла!»

«Мяркую, трэба паставіць побач са статуяй каровы, будзе гарманічна».

«Можна паставіць побач з гарадавым».

«Трэба ўсталяваць помнік і на пастаменце напісаць: «Я свой народ за цывілізаваным светам не павяду!»

Прэтэнзіяў у народу назбіралася. Падчас сталічных маршаў супраць саюзу з Расеяй агучылі чарговую падставу для пазову супраць Лукашэнкі: за выказванні ў стылі «говорите на нормальном языке». Былога дыпламата Пётру Садоўскага турбуе:

«Гэта не толькі выказванне непавагі да дзяржаўных сімвалаў, як сцяг, мова, герб, гэта ж яшчэ чыста людскі маральны аспект… Ён жа перадражнівае мову сваёй роднай маці».

Калі і будзе разбор, простаму смяротнаму не выйграць. «Нам з вамі гэта ўсё вядома», – ківае жыхарка Магілёва. Хоць права на правасуддзе мае кожны з нас. У іншай магілёўкі ёсць прапанова: «Рабіць як у Кітаі: за наркотыкі – расстрэл, пʼяны за стырном – расстрэл, вось тады будуць выконвацца ўсе правы чалавека».

Таму спаіў народ – народны расстрэл…

Юлія Цяльпук, Сцяпан Святлоў belsat.eu

Калаж з фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum