Лукашэнку давялі да слёз


Не Савецкі Саюз, а сучасная IT-краіна! Працаўнікам адной з ЖКГ на Гомельшчыне частку заробку спрабавалі выдаць… сертыфікатамі на харчы. Прычым «атаварыць» іх можна было толькі ў адмысловых крамах. Тым жа, хто адмовіўся ад такой прывабнай прапановы, наймальнік знізіў прэмію. Толькі пасля ўмяшання прафсаюзу працаўнікам вярнулі ўтрыманыя сродкі.

Аднак навошта тыя сродкі? Бясплатная адукацыя, бясплатная медыцына ды… бясплатныя прыбіральні. І ўсё – аднолькавай якасці, бо засталося яшчэ ў спадчыну ад СССР! Яскравы прыклад – вось гэтая IT-прыбіральня для гасцей МРЭА ДАІ Стаўбцоўскага РУУСу. Аднак калі іншага выйсця няма, то што ж зробіш…

Гэтаксама падумалі і аўтары вось гэтага дарожнага знаку. Сапраўдную 3D-цэглу заўважылі нашыя гледачы некалькі тыдняў таму ў сталіцы.

Дарожны збор з кіроўцаў дзяруць увесь год, а таму і дарожныя калдобіны маюць залівацца бесперапынна. Нягледзячы ані на снег, ані на лёд, ані на мінус 12 градусаў на слупку тэрмометра.

«Дык гэта якая тэхналогія – нямецкая ці беларуская вымушаная? Сказалі – класці асфальт або звольняць?» – пыталіся здзіўленыя мінакі.

Зіма – класны час, каб класці афсальт, пасыпаць пясочкам снег або касіць траву, але ж у першую чаргу трэба дбаць пра цяпло. Можна па-даўнейшаму – ацяпляльнікамі, а можна – больш сучасна – IT-метадамі. Гэтак, Беларуская чыгунка адная з першых прыдумала, як зберагчы і цяпло, і грошы. Інавацыйны праект па заклейванні ўсіх шчылінаў скотчам паспяхова прайшоў выпрабаванні на цягніках эканом-класу.

Увесь свет аблятае флэшмоб з назваю #AdeleChallange, які стаў адказам на рашэнне папулярнай спявачкі АдЭл скончыць сваю кар’еру. У якасці мему карыстальнікі сацсетак абгулялі ейную песню «Someone Like You», дзе замест гледачоў выкарыстоўвалі розныя нечаканыя рэчы.

https://www.instagram.com/p/BsCl_3XiEEt/

Неўзабаве мем перамясціўся і ў іншую плоскасць – спачатку беларускія інтэрнаўты «развіталіся» з Аляксандрам Лукашэнкам, а потым і з міністрам унутраных справаў Ігарам Шуневічам.

Дасталося самаму «недзіраваму» міністру і ў флэш-мобе з найменнямі аб’ектаў на google-мапах. Пакуль па ўсім свеце школы, банкі, скверы ды адміністрацыйныя будынкі пераймяноўвалі ў гонар бразільскага стрыптызёра Рыкарду Міласа, менскія прыбіральні здабывалі сабе тытул Ігара Шуневіча. А яшчэ на Партызанскім праспекце Менску з’явілася Міністэрства флексу, а, дакладней, у перакладзе з моладзевага слэнгу – чагосьці крутога.