Лукашэнка надакучыў сам сабе. NEXTA на Белсаце


Суб’ектыўныя падзеі тыдня ад блогера Сцяпапа Святлова.

«Вось што газ жыватворны робіць!»

Расейскія медыі смяюцца з учорашніх прэтэнзіяў Лукашэнкі наконт коштаў на газ для Беларусі. Аднак самому Лукашэнку не да смеху:

«Мы маем горшыя ўмовы, чым Нямеччына, я ўжо неаднаразова казаў. Падаецца, ваявалі супраць Нямеччыны разам».

Што праўда, потым давялося выбачацца:

«Вельмі бурнае было тлумачэнне, лепш вам не чуць яго».

Не «Алёнка», а 糖果阿蘭

Цукеркі ад «Камунаркі» ў кітайскай абгортцы не павінныя нікога здзіўляць, кажуць на фабрыцы. І сапраўды – дзіўна было б, калі б па-беларуску напісалі.

Стагоддзе з дня стварэння БССР

А калегі з радыё «Свабода» заўважаюць: гэты герб з’явіўся ў 1927-м, сцяг – у 1951-м, а назва – толькі ў 1922-м. Што ж, сапраўднае свята!

Б…скія шары

У беларускіх школах распачаўся збор гэтак званай навагодняй «даніны»

«Вазьміце ўжо і купіце гэтыя б…скія шары і гэтыя гірлянды! А ты закрыйся і сядзі».

Гэтак настойліва настаўнікі берасцейскіх школаў заахвочваюць здаваць грошы на ўпрыгажэнне класаў. Свята да нас прыходзіць, як кажуць.

У аўтобусны парк – у бахілах

У аўтобусным парку Гомля працаўнікоў забавязалі хадзіць на працы ў бахілах.

– Як навошта? – здзіўляюцца ў адміністрацыі прадпрыемства. – Каб было чыста!

А вось чым будзе займацца прыбіральніца, не ўдакладняюць.

Сядзе кожны дзесяты

Весткі з будучыні ад блогера Віктара Малішэўскага. Ён заўважыў, што астравецкі РАУС у 2019 годзе плануе арыштаваць на тэрмін да 15 сутак амаль дзве з паловаю тысячы чалавек. Менавіта на столькі правапарушальнікаў разлічаны закуп ежы. То бок за краты мае трапіць прыблізна кожны дзясяты жыхар раёну.

12 гадоў без партрэту Лукашэнкі

Жыхарка Менску напісала скаргу на апазіцыйную дэпутатку, патрабуючы, каб тая ў сваім працоўным кабінеце размясціла партрэт Аляксандра Лукашэнкі. Відаць, жанчына гэткім чынам хоча адхіліць дэпутатку ад пасады, бо кіраўнік краіны яшчэ 12 гадоў таму запатрабаваў прыбраць усе ягоныя партрэты.

«Яшчэ адзін партрэт, зарганізаваны ў дэманстрацыі, і ты не будзеш кіраўніком адміністрацыі. Ніякі я не правадыр і не дыктатар», – казаў ён калісьці.

Стаметроўка да пандусу

У Драгічыне да Дня інвалідаў нарэшце ўсталявалі доўгачаканы пандус. Што праўда, каб трапіць да запаветнага будынку Белтэлекаму, няпоўнаспраўнай асобе давядзецца пераадолець 87 метраў.

«Пасля ўздыму рукі дрыжаць так, што нават прыкурыць немагчыма», – кажуць мясцовыя. І дадаюць: «Спачатку ж хацелі паставіць цывілізаваны пад’ёмнік! Але раённыя ўлады настаялі менавіта на такім асваенні дзяржаўных сродкаў».

Дарэчы, дакладны кошт незвычайнага збудавання ўлады чамусьці хаваюць.

Фота – Дзяніс Дзюба/«Белсат», Васіль Фядосенка/Reuters/Forum