Лукашэнка ў астрале


У рэдакцыю «Субʼектыву» пішуць усхваляваныя гледачы з пытаннем пра падзеі ў Горадні. Як здарылася, што Аляксандр Лукашэнка распавёў пра напад на «пацанёнка-міліцыянта», а праз некалькі гадзінаў на выбарчым пікеце затрымалі Сяргея Ціханоўскага – нібыта за напад на міліцыянта? Нашая рэдакцыя скарысталася самымі патаемнымі інсайдамі, і знайшла адказ на гэтую таямніцу глыбей, чым у Даркнэце. Вашай увазе – сакрэтныя матэрыялы пра звышнатуральнае ў беларускай палітыцы.

29 траўня Аляксандр Лукашэнка паехаў на сваё месца сілы – Менскі трактарны завод, каб падсілкавацца жыццёвай энергіяй ад працоўнага калектыву. І здарылася неверагоднае: кіраўнік дзяржавы прадказаў будучыню.

«Міліцыянта абразіў удзельнік пікету, калі яму той зрабіў заўвагу… На гэтага пацанёнка (міліцыянта) наваліліся. Ён хіба толькі сёлета прыйшоў на працу, чыйсці дзіцёнак. Што ты на яго накатваеш?» – абураўся Лукашэнка перад завадчанамі.

І здарылася тое, пра што было сказана: праз 4 гадзіны ў Горадні на пікеце за Святлану Ціханоўскую зʼявілася таямнічая жанчына ў масцы з пячаткай распусты на твары, а потым прыйшлі вартаўнікі парадку, і адбылася калатня, і пацанёнак-міліцыянт паваліўся на зямлю.

Супадзенне? Наўрад ці. Бо такое ўжо здаралася раней.

21 сакавіка 2017 года Аляксандр Лукашэнка на магілёўскім заводзе «Кронаспан» распавёў, што ўжо затрымалі некалькі дзясяткаў узброеных баевікоў, якія рыхтаваліся яго зрынуць.

«Мы ўжо некалькі дзясяткаў затрымалі тых, каторыя трэніраваліся ў лагерах са зброяй. Адзін з лагераў быў у раёне Бабруйску і Асіповічаў, астатнія – ва Украіне», – вяшчаў перад кронаспанаўцамі кіраўнік дзяржавы.

А праз некалькі гадзінаў пачаліся масавыя арышты людзей, датычных да апазіцыі і даўно зніклай спартова-патрыятычнай арганізацыі «Белы легіён». Дзяржаўнае тэлебачанне і агенцтва БелТА трубілі пра баевікоў, знойдзеную зброю, патроны і выбухоўку. Але, калі КДБ перадаў матэрыялы ў Следчы камітэт, зброя аказалася страйкбольнай, выбухоўка – макетамі, і праз паўгода справа развалілася.

Можа, Аляксандр Лукашэнка нешта ляпнуў, што ў галаву прыйшло, а людзі ў пагонах пабеглі выконваць?

Не! Гэта немагчыма, бо кіраўнік дзяржавы – Гарант законнасці. А значыць, ёсць іншыя, надзвычайныя і звышнатуральныя прычыны.

Таямніцу нам раскрыла магістр магіі Касандра: Аляксандр Лукашэнка – сын ведзьмака-гадалкі, і таксама мае здольнасці прадказваць будучыню. Ён не проста чыноўнік на службе народу, а Магістр Лысай гары, які ўмее праз тэлевізар даваць устаноўку і зараджаць ваду, сам сабе нараджае сыноў і сам сабе залоціць ручку. У інтэрнэце ўжо ідзе бітва экстрасэнсаў: ці пераможа ён на выбарах законным шляхам?

А што думаюць беларусы? Вось што казалі пра магчымасць звышнатуральнай дапамогі Лукашэнку жыхары Берасця:

«Яму трэба з народам размаўляць, а не на дапамогу экстрасенсаў спадзявацца».

«Трэба дапамога іншапланетнікаў з далёкай галактыкі, як у «Star Trek», тады ён зможа справядліва перамагчы на выбарах».

«Не дапаможа».

«Ён адзін, а нас шмат. І мы яго не хочам».

Верыць у прадказанне будучыні ці не – асабісты выбар кожнага. Але егіпецкія навукоўцы даказалі: некаторыя прароцтвы збываюцца самі для тых, хто адчувае сябе кімсьці вышэй за бога.

Яраслаў Сцешык, «Субʼектыў», «Белсат»