Лукашэнка трапіў у рай. NEXTA на «Белсаце»


374 долары заробку, моцнае скарачэнне насельніцтва ды закрыццё школаў, усё горшая даступнасць медыцыны і новага жытла. Гэтак жыве горад, які Лукашэнка назваў «беларускім раем»:

«Нам дзівіцца ўвесь свет, калі госці прыязджаюць, асабліва да вас сюды: божа мой, у рай патрапілі. Вось я ўжо другі раз за апошні тыдзень трапляю ў рай: адзін раз у Старых Дарогах».

Нават страшна ўявіць, як жа тады жыве беларускае пекла. Дарэчы, у Іўе гарант стабільнасці і міру прывёз дождж, навучыў мясцовых чыноўнікаў правільна нарыхтоўваць кармы і наведаў некалькі мясцовых прадпрыемстваў. Пасля чаго вельмі расчуліў сваймі прамовамі тутэйшую моладзь, падарыўшы шакаладкі.

****

Старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына заявіла, што празрыстыя скрыні для галасавання – гэта ўжо не модна:

«Сразу же могу сказать: не модно это уже. Более того, противоречит международным стандартам. Модны полупрозрачные ящики, модно применять (по крайней мере, частично) электронное голосование».

Ды модна не фальсіфікаваць выбары, але ж модніца Ярмошына бачыць толькі тое, што ёй хочацца бачыць.

«Я не знаю, что происходит в других странах, честно говоря», – казала яна ў 2006-м.

Мы ж запыталіся ў менчукоў: а ці модныя яшчэ самі выбары? Або лепш было б іх адмяніць ды зэканоміць вялікія грошы?

«Ну канешне, грошы лепш зэканоміць».

«Я б лепш зэканоміла грошы. Бо ў бюджэце, як вы ведаеце, грошай ужо і няма».

«Ну, напэўна, як дзяржава вырашае, гэтак, напэўна, і трэба. Мы не ведаем».

«У прынцыпе, з улікам таго, што ў нас выбары адбываюцца раз на пяць гадоў і сітуацыя не змяняецца, то можна, у прынцыпе, грошы пусціць на патрэбную справу».

Калі ж выбары не адмяняць, а замяніць на электроннае галасаванне – колькі б галасоў здолеў набраць Лукашэнка?

«Калі сярод моладзі, то мабыць нуль».

«Моладзь – больш за 60 адсоткаў прагаласуе. Яна больш прасунутая ў гэтым сэнсе».

«Думаю, і ў інтэрнэце няма ніякіх праблемаў што-небудзь накруціць і што-небудзь скруціць».

«Менш. Колькі адсоткаў – не ведаем, але людзі б менш абралі па інтэрнэце».

«Напэўна, менш галасоў, таму што моладзь зараз больш прасунутая».

А таму калі і прасоўваць нейкія інавацыі, то хіба што ўводзіць галасаванне праз пошту. «Белпошта» – дакладна не падвядзе!

****

Дайджэст іншых важных навінаў:

  • За 55 гадоў у Беларусі здабылі 135 мільёнаў тонаў нафты.
  • У Беларусі вырасла колькасць звольненых, але знізілася беспрацоўе.
  • Жыхары Бабруйску нарвалі канопляў, а пасля кідаліся гарбузамі з агуркамі.
  • Беларуска напісала заяву ў міліцыю на… мядзведзя.
  • Лукашэнка паедзе ў Карэлічы і Дзятлава разбірацца з церабленнем даўгунцу.
  • Берасцеец уцёк са шпіталю і скраў акардэон.
  • Менск увайшоў у лік найлепшых студэнцкіх гарадоў свету. Праўда, заняў 120-е месца са 120.
  • Лукашэнка паабяцаў прыехаць на «таматную бітву» у Іўе.

«Надо наслаждаться жизнью, пока не поздно» – піша галоўная газета краіны Саўбелка.

А таксама ў выданні – чаму Беларусь будзе рамантаваць самалёты NATO ды навошта ў Менску з’явіўся шэрынг паўэрбанкаў.

Сцяпан Святлоў, belsat.eu

Калаж з фота: Nikolai Petrov / BelTA / TASS / Forum