Лукашэнка стаміўся: «Самыя цяжкія часы за ўвесь прэзідэнцкі перыяд»


Старасць, кажуць, не радасць. А можа, наадварот? Напрыклад, Лукашэнка рэгулярна радуе беларусаў. Вось і на гэтым тыдні ізноў сказаў тое, што ўжо казаў разоў пяць: маўляў, усё, вірус адступае, мы выйшлі на плато…

«Цяжкіх менш стала, відаць, вірус ужо аслаб. Вірулентнасць яго ўжо не тая».

Але, як вядома, калі Лукашэнка кажа так, значыць, насамрэч – усё не так! Беларусь увайшла ў еўрапейскі топ-5 паводле колькасці заражаных за апошнія 2 тыдні. І гэта пры тым, што далёка не ўсім імаверна інфікаваным робяць тэст на каронавірус:

«Званю ўчора ў рэгістратуру паліклінікі і пытаюся, чаму не робяць каронатэст. Далі нумар загадчыцы тэрапеўтычнага аддзялення. Тая сказала, што тэсты робяць адно тым, каго ў спісах прысылае санстанцыя.Званю ў санстанцыю. Лагічна адказваюць, што спісы складаюць паводле інфармацыі ад тэрапеўтаў.Калі хочаце каронатэст, кажуць, можаце схадзіць да інфекцыяніста. Званю да інфекцыяніста. Той сказаў, што спісы для тэстаў яму прысылаюць з санстанцыі, а абы-каму рабіць ён іх не будзе – ёсць распараджэнне міністэрства і неміністэрства (лукі)», – падзяліўся ў фэйсбуку Яўген Скрабутан.

І так па коле. Таму беларусаў пеклам не запалохаеш: кругі пакутаў яны праходзяць пры жыцці. Уяўляеце цяжкахворага з тэмператураю і дыхальнымі праблемамі. Спачатку яго накіроўваюць да тэрапеўта, той у санстанцыю, санстанцыя – да тэрапеўта, тэрапеўт – да інфекцыяніста, той – да санстанцыі…

Калі чалавек сканае, то дакладна не ад каронавіруса. Таму і смяротнасць ад COVID-19 у нас нізкая. І хіба гэта не нагода для аптымізму?

«Віцебск канстатуе факт, што яны ўжо ўнізе па захворванням. Сведчанне таму, што мы ўжо шпіталі пачалі зачышчаць», – сцвярджае Лукашэнка.

Жыхары гэтага самага Віцебску кажуць… адваротнае:

«Знаёмыя хварэюць, перахварэлі і некаторыя дагэтуль знаходзяцца ў шпіталях».

«Я сам перахварэў, я бачыў, як у шпіталі».

«Хворых становіцца болей».

«Як усё было, так і засталося».

«Асабліва не паляпшаецца».

«Гэта не цуд, проста заніжаецца статыстыка».

Старасць, як кажуць, не радасць: усё складаней і складаней Лукашэнку пад цяжарам прэзідэнцтва:

«Самыя цяжкія часы за ўвесь прэзідэнцкі перыяд».

Дык, можа, на пенсію пара? Пагатоў чым больш кіруе Лукашэнка, тым далейшымі ад беларусаў робяцца абяцаныя ім запаветныя 500 долараў заробку. Сярэдні заробак па курсе цяпер складае 409 долараў. І гэта яшчэ што!

Наперадзе, паводле Сусветнага банку, лукашэнкаўскую Беларусь чакае самы вялікі за 25 гадоў эканамічны спад. Але ўжо цяпер гэтак нізка цэняць выбарцы плён кіравання Лукашэнкі, што не пастамент узводзяць, а тапкам гоняць нязменнага кіраўніка.

«Таракан, сыходзь!»

«Мы не выскачылі з-пад плінтусу нечакана, як іншыя. Павылазілі і абяцаюць з верталёта раскідваць грошы», – казаў днямі Лукашэнка.

Мы такіх абяцанняў не чулі, затое ўсе чулі іншае.

«Я паабяцаў, што сінімі пальцамі за крэсла трымацца не буду».

І шмат хто да гэтага ўжо падрыхтаваўся: журналісты падрыхтавалі артыкулы пра сыход у адстаўку дзейнага кіраўніка краіны. Адзінае, што засмучае, што калі Лукашэнка кажа так, то насамрэч гэта дакладна не так!

Вольга Старасціна, «Субʼектыў»