Лукашэнка шукае такіх прапагандыстаў, каб здолелі даць адпор расейскім


У Беларусі распрацаваны праект Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі. Беларускія ўлады баяцца расейскае прапаганды, зайздросцяць яе эфектыўнасці і хацелі б мець падобную машыну, – лічыць палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі:

«У гібрыднай вайне супраць Украіны Масква паказала моц сваёй прапагандысцкай зброі. Але ў беларускіх уладаў на такую масіраваную тэрмаядравую прапаганду, па-першае, няма грошай. Па-другое, нягуста з талентамі. У зорнай абоймы прамоўтэраў палітыкі Крамля ёсць свая д’ябальская харызма. У Беларусі ж ідэалагічная сфера і дзяржаўныя СМІ камплектуюцца ў асноўным шэрымі асобамі».

– Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі Беларусі. Што ў ёй будзе? Што рыхтуюць улады?

Аляксандр Класкоўскі: Пакуль ані я, ані іншыя аглядальнікі не бачылі ў шырокім доступе гэтага дакументу. Можна сказаць, што гэта праект, які недзе праз тыдзень будзе зацверджаны, як паведаміў Станіслаў Зась. Але хіба што з гэтым мелі дачыненне толькі дзяржаўныя адмыслоўцы.

– Што ў гэтым ключы будзе з дзяржаўнымі медыямі? Мы ведаем, што бюджэты ім павялічылі. Будуць ім яшчэ нейкія плюшкі ад нашай улады?

Даўно-даўно беларускае кіраўніцтва ўсяляк кажа, што трэба павышаць якасць, трэба смялей ісці ў Інтэрнэт, сапраўды грошай падкінулі. Думаю, што тут мелася на ўвазе, што наперадзе – паўтара гады «палітычнай вакханаліі», як некалі назваў Аляксандр Лукашэнка электаральныя кампаніі.

Найперш, думаю, беларускія медыі будуць шчыраваць на гэтым – пераконваць, што беларуская сістэма найлепшая, дзякуючы мудраму кіраўніцтву, а яшчэ ў нас няма вайны і гэтак далей. Хоць некаторыя праўладныя асобы перастараліся. Я маю на ўвазе прэс-сакратарку Лукашэнкі Наталлю Эйсмант, якая пачала расхвальваць беларускую дыктатуру. І сёння Лукашэнка – гэта ўнікальны выпадак! – мусіў абвяргаць сваю прэс-сакратарку і заяўляць, што насамрэч у Беларусі дэмакратыі хоць заваліся…

Працяг размовы – у сюжэце.

belsat.eu