Лукашэнка сеў на каня. NEXTA на «Белсаце»


Што робяць прэзідэнты розных краінаў, але Лукашэнка гэтага не робіць? І што робіць Аляксандр Рыгоравіч, чаго сабе не могуць дазволіць іншыя кіраўнікі краінаў? Прэзідэнты і коні змяшаліся.

Прынц на белым кані – не міфічны персанаж. Днямі казку зрабіў быллю лідар Паўночнай Карэі. Мясцовыя медыі апісалі паездку Кім Чэн Ына на самую высокую гару краіны як вялікую падзею ў гісторыі Карэйскай рэвалюцыі.

Верхавая язда – любімы занятак і самага таленавітага на свеце прэзідэнта Гурбангулы Бердымухамедава… які, нават нягледзячы на падзенне з каня, перамог у спаборніцтве, як паказаў Youtube-канал «Хроніка Туркменістану».

Вярхом, але «без верху», то бок з голым торсам галапаваў перад камерамі і галоўны расейскі мача Уладзімір Пуцін. Але ягоны беларускі калега Аляксандр Лукашэнка конскі піяр не выкарыстоўвае. Беларусы ж кажуць, што Лукашэнка бывае на кані:

«У нас так усё добра ў краіне, што ён і так ужо на кані».

«Дык ён заўсёды на кані. Мы толькі гэта і бачым: ён скача і скача. Калі супакоіцца – пабачым».

«Больш за ўсё, калі кажа няпраўду, і не чакай ад яго таго, што ён паабяцаў, кажучы пра гэта на кані».

«Ён сябе адчувае на кані, калі ў хакеі выйграе, медалі атрымлівае».

«Калі як любы іншы нармальны чалавек дабіваецца поспеху ў жанчын, ён адчувае сябе добра, калі адмаўляюць, тады кепска».

«Калі там бачна угу-гу, то наш заўсёды ну-ну-ну».

Выхадзец з калгасу Аляксандр Лукашэнка, відаць, мае адрозныя ад іншых прэзідэнтаў асацыяцыі з гэтаю жывёлінаю, або яна з ім… Так ці інакш Лукашэнка на кані не ездзіць, але, як сцвярджаюць беларусы, рэгулярна сядае на каня:

«Калі адчувае, што недзе справа швах для нашай эканомікі ў асноўным і трэба на некага спіхнуць, паказаць, што ён не пры справах».

«Заўсёды крычыць, ціха размаўляць не ўмее».

«Ой, блін, па-мойму, ён увесь час на кані».

Ёсць у Лукашэнкі і свой любімы канёк – абяцанка «усім па 500».

«Мы дасягнулі прыкладны ўзровень сярэдняй заработнай платы $ 500 сярэднямесячна», – кажа Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі.

Магілёвец рэагуе: «Ха-ха-ха!»

***

Сацыёлагі б’юць у набат. У Беларусі рэкордна нізкая нараджальнасць дзяцей! Зафіксавалі мінімальны паказнік з 1950 года. І гэта нягледзячы на заахвочванні Лукашэнкі:

«Мінімум тры-чатыры!»

Не аднойчы кіраўнік краіны казаў, што першае і другое дзіця – вашыя, а трэцяе – ягонае. Але аказалася, што нараджаць для Лукашэнкі беларусы не хочуць.

«Не хочуць. Навошта такі бацька».

«Сэнс нараджаць для Лукашэнкі?»

«Я з гэтым не сутыкалася, у мяне ўсе знаёмыя і сябры шматдзетныя».

«Куды нараджаць дзяцей, чым іх карміць пасля?»

«Калі нават і народзяцца дзеці, яны ўсё роўна выедуць – у Польшчу ці ў Чэхію, ці куды далей», – распавядаюць жыхары Магілёва.

Гэта нагавор нейкі. У нас праз мяжу і мыш не пройдзе. Гэтак асаблівы ўнёсак Лукашэнкі ў ахове мяжы ацанілі ў Садружнасці Незалежных Дзяржаваў і далі кіраўніку Беларусі найвышэйшую памежную ўзнагароду і званне ганаровага памежніка СНД. Магілёўцы ж думаюць, што Лукашэнка заслугоўвае большага!

«Усе ўзнагароды, якія ёсць у свеце, трэба даць яму!»

«Герой Беларусі, думаю, заслужыў».

«Я б ні за што яго не ўзнагародзіла б».

«Узнагароду «За стабільнасць».

«За мудрыя справы ягоныя, я думаю, заслугоўвае».

«За тое, што мы бедна жывём, толькі за гэта можна».

«Трэба даць усе ўзнагароды, якія ёсць у свеце, таму што няма цікавейшага, разумнейшага, прыгажэйшага за нашага прэзідэнта і справядлівага. Вось такі ў нас прэзідэнт».

Ох, Вольга Старасціна, Сцяпан Святлоў belsat.eu

Калаж з фота: kcna.kp / Toni Anzenberger, Anzenberger / Natalia Fedosenko, TASS / Forum