Лукашэнка рыхтуе рэвалюцыю. NEXTA на «Белсаце»


2020 год – год неспадзяванак, але беларусы трымаюцца на аптымістычным песімізме. Гэта калі «усё дрэнна, але нічога». А кіраўнік краіны абяцае перамены.

Шэсць разоў Аляксандр Лукашэнка паўтарыў слова «перамены» у прамове да Савету міністраў, з рэмаркаю «перамены гэтыя будуць абсалютна спакойнымі, не рэвалюцыйнымі».

У беларусаў сярод краінаў праграмы «Усходняе партнёрства» – найбольш песімістычныя чаканні ад будучыні сваёй краіны: 59 % апытаных Навукова-даследчым цэнтрам EAST не вераць у пазітыўныя змены. Што, праўда?

«На працягу 20 гадоў мы чуем усе гэтыя абяцанні, але што насамрэч мы бачым?»

«У нас на двары вясна… Усё ж цудоўна? Перамены. Мы тут жывём без зімы».

«Што казаў прэзідэнт, год будзе цяжкі цяжэйшы чым мінулы. Куды ж цяжэй, не ведаем як ужо падымаць гэтыя цяжкасці!»

«У нас кошты на візы шэнгенскія панізіліся з 60 да 35 еўра – добрая ж навіна?» – на аптымістычным песімізме трымаюцца менчукі (гэта калі «усё дрэнна, але нічога»).

Пра перамены ва ўласным разуменні Лукашэнка казаў у і 2010-м, і ў 2015 годзе. Што рэфармаваць будзем, удасканальваючы тое, што ёсць. Напрыклад, ягоную старонку. Папаўзлі чуткі, што кошт рэдызайну – $ 10 000 000! Фірма, як заведзена, не вельмі вядомая, зробіць танна, навошта тэндар?

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі, заявіў:

«Хто б што там не казаў у Беларусі і Латвіі, а ўсё ж мы некалі былі часткаю вялікай краіны».

Знайшоў як прывітаць дэлегацыю краіны, дзе забаранілі савецкую сімволіку, а дзяржаўны каляндар стракаціць памятнымі датамі супраць СССР! А потым, вылучаючы Латвію, папракнуў іншыя краіны:

«У адрозненні ад іншых балтыйскіх дзяржаваў, фон добры ў супрацы паміж нашымі краінамі. Я мяркую, што нам трэба скарыстацца гэтым момантам».

Скарыстацца, каб пракачаць да нас нафту, а да іх транзітам праз Расею беларускія атамныя кілаваты з новазбудаванай АЭС, якую цалкам байкатавала Літва. Летась у кастрычніку Вільня вучылася абараняцца ад наступстваў імавернай аварыі на БелАЭС, раней – раздавала таблеткі ёду жыхарам 3–кіламетровага абшару вакол станцыі, а ў гэтым годзе пусціць да € 1 000 000 000 на гатовасць да нуклеарнай катастрофы!

Літву брацкаю і сяброўскаю называць перастаў, а іншыя – хто сябра, а хто і брат.

Палітыка Лукашэнкі натхняе творцаў на стварэнне фэйкаў. Дык вось з такога тыпу гумарам давядзецца быць асцярожней. Міністр інфармацыі прапанаваў заканадаўча замацаваць тэрміны «фэйк» і «дыпфэйк».

З гэтае нагоды згадваюцца створаныя дзяржпрапагандаю фэйкі: «Спроба прарыву ў пункце пропуску Аляксандраўка». І фэйк 2017 года – пра справу «Белага легіёну».

Юлія Цяльпук, Сцяпан Святлоў belsat.eu

Калаж з фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum