Лукашэнка распачаў дзве вайны. NEXTA на «Белсаце»


У Беларусі амаль 10 мільёнаў жыхароў, і толькі два прэзідэнты: прэзідэнт краіны – Аляксандр Лукашэнка, і прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту – таксама Аляксандр Лукашэнка.

16 гадоў таму з ініцыятывы, вядома… Лукашэнкі, урад Беларусі прыняў пастанову, што звацца прэзідэнтам можа толькі адзін – кіраўнік краіны: прэзідэнты арганізацыяў, асацыяцый ды іншых установаў змянілі назвы пасадаў. Мусіў развітацца з гучным тытулам і прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту… але не зрабіў гэтага. І ніхто не прымусіў, бо ўжо 12 гадоў у НАКу – нязменны прэзідэнт… вы ўжо ведаеце – Аляксандр Лукашэнка.

Аднак з гэтага тыдня ў Нацыянальным алімпійскім камітэце з’явіўся новы першы віцэ-прэзідэнт … і вы, вядома, ужо здагадаліся, што гэта таксама Лукашэнка. Як такое можа быць: прэзідэнт Лукашэнка і віцэ-прэзідэнт таксама Лукашэнка? У Беларусі ўсё можа быць! Лукашэнка-старэйшы – прэзідэнт, а ягоны сын Віктар – віцэ-прэзідэнт. А ад віцэ-прэзідэнцтва рукою падаць і да прэзідэнцтва… і не толькі ў алімпійскім камітэце.

Жыхары Гомля:

«Ён ужо ведае, як правільна весці палітычныя справы, у яго будзе палітычнае падтрыманне, яму будуць дапамагаць, яго скіруюць на правільны шлях».

«За Лукашэнку, то так, я яго ведаю, а сына, калі толькі як ягонага пераемніка, тады – так».

«У нас неяк не вітаецца змена бацькі сынам».

«Каралеўства – гэта не наш шлях».

«Я ўжо наелася Лукашэнкі, не хачу больш галасаваць».

«Лукашэнка ставіць на меншага сына, а Віктар так і будзе ісці на другіх ролях».

«Ён плануе, але наўрад ці ў яго атрымаецца, калі будзе нехта яшчэ, я б прагаласаваў супраць».

«Я яго мала ведаю. Па тэлебачанні рэдка бачу. Што ён за чалавек, цяжка сказаць».

«Я не ведаю яго».

«Я не ведаю яго, я не ведаю, як ён вядзе справы».

«Я яго не ведаю».

Але вельмі ўплывовы чалавек, бо ўжо шмат гадоў ёсць памочнікам прэзідэнта ў нацыянальнай бяспецы, інакш кажучы, ён курыруе ўсіх сілавікоў у краіне! Вядома, што ў яго чацвёра дзяцей, і што калі сам быў дзіцём – бацька яго лупцаваў.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік краіны: «Не пляскач, а добры рамень часам таксама карысны для дзіцяці. Віктар атрымліваў ад мяне як старэйшы. Малодшаму ўжо 15 год, я яго ніколі не караў – ён гэтага не заслугоўваў. А яму падкідваў. А сярэдні Дзіма бачыў, як Віцю перападала, ён стаяў роўненька побач».

Цяпер жа Віцю перападаюць высокія пасады, але не самая высокая: перадаваць уладу Лукашэнка казаў, што гатовы малодшаму сыну, старэйшаму ж давядзецца ваяваць на спартовым фронце.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік краіны: «Спорт сёння – гэта не нейкае забаўляльнае відовішча, гэта – бітва, гэта, калі хочаце – вайна, толькі не гарачая. Гэта найвышэйшая ідэалогія, якая ўзнімае дух народу ў любой дзяржаве».

Напэўна, яшчэ вышэй узніме дух народу інфармацыя пра тое, што ўжо сёлета пачнецца будаванне новага лядовага палацу. У адрозненне ад раней пабудаваных, барысаўскі спартовы аб’ект атрымае не адзін, а два каткі. Нарэшце, улады зразумелі, чаго ж не хапае беларусам, – а можа, не зразумелі?

Жыхары Гомля:

«Чаго не хапае? Прэзідэнта нармальнага!»

«Ураду нармальнага не хапае! Таму што з такім урадам…»

«Больш клопату пра экалогію трэба, таму што ў нас шмат дрэваў высякаецца».

«Працы, заробкаў».

«Грошай не хапае. Працы моладзі».

«Грошай не хапае».

«Грошай, грошай нам не хапае».

Затое хапае лядовых палацаў, а каму не падабаецца – можа каціцца.

Вольга Старасціна, Суб’ектыў, «Белсат»