Лукашэнка – Пуцін. Тры галоўныя праблемы. «ПраСвет» з Алінаю Коўшык


Кіраўнік Беларусі шантажуе Літву і ляціць у Сочы выпраўляць пахаладанне ў стасунках з Пуціным. Пятро Парашэнка не мае моцных канкурэнтаў, лідар Вугорчыны – у Маскве, а польскі прэзідэнт – у Вашынгтоне. Нікол Пашыньян робіць ход канём, дасылаючы армянскіх вайскоўцаў у Сірыю. Пра гэта – у новым выданні «ПраСвету».

Галоўная мэта Крамля ў Беларусі

У Беларусі выразна бачаць галоўную мэту Крамля: развязаць самую вострую для Расеі праблему ў двухбаковых дачыненнях. У чым яна палягае? Высвятляў Усевалад Шлыкаў.

Ці ёсць у Пятра Парашэнкі моцны канкурэнт?

Пра Украіну за 7 месяцаў перад прэзідэнцкімі выбарамі – інтэрв’ю з украінскаю журналісткаю, кандыдаткаю гістарычных навук Аленай Бабаковай.

Балтыйскі блеф Лукашэнкі

Будзь лаяльны, і грашовыя рэкі пацякуць у тваю краіну. Лукашэнка неаднаразова абураўся з такой сітуацыі ў дачыненнях з Расеяй. Маўляў, не трэба на нас ціснуць. Але ж у стасунках з іншымі, меншымі, краінамі кіраўнік Беларусі паводзіцца гэтак жа, як і ягоны расейскі візаві. Ігар Кулей разбіраўся ў трохкутніку ўзаемінаў паміж Менскам, Вільняю і Рыгай.

Палітолаг: «Арменія ўжо не аглядаецца на Расею ва ўнутранай палітыцы»

Новы армянскі ўрад за першыя некалькі месяцаў пасля рэвалюцыі нанёс удар па алігархах. Гэта галоўнае дасягненне Нікола Пашыньяна. Што будзе, калі Беларусь і Расея не перастануць узбройваць Азербайджан? Чаму Ерэван дасылае сваіх жаўнераў у Сірыю? Інтэрв’ю з армянскім палітолагам Эдгарам Варданьянам.

Варшава – на Захад, а Будапешт – на Усход

Энергетычная бяспека і вайсковая супраца. Гэтыя два галоўныя пытанні ўзнялі кіраўнікі ЗША і Польшчы падчас візіту польскай прэзідэнцкай пары ў Вашынгтон. Супольнае ў гэтых пытаннях – Расея. Расейскі прэзідэнт таксама не губляў часу і запрасіў да сябе вугорскага прэм’ера Віктара Орбана. Падрабязней – Вольга Жарнасек.