Гарачы каментар «Лукашэнка перавёў стрэлкі на чыноўнікаў». Класкоўскі пра Дэкрэт №1


Пакуль аўтары Дэкрэту №1 цвердзяць пра намер прымусіць гэтак званых «дармаедаў» аплочваць поўны кошт паслугаў, якім субсідуе дзяржава, ім пачынаюць пярэчыць іхныя ж калегі-чыноўнікі. Міністр аховы здароўя Валеры Малашка заявіў, што «пра ніякае кампенсаванне выдаткаў на медычную дапамогу не гаворым».

«Задача і сацыяльнай палітыкі, і прэзідэнт пра гэта не аднойчы гаварыў – мы абавязаныя забяспечыць роўны доступ для ўсіх грамадзянаў нашае краіны да медычных паслугаў і аказанню меддапамогі», – дадаў Малашка.

Плаціць ці не плаціць? У эфіры «Белсату» сітуацыю патлумачыў палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Паводле эксперта, кіраўнік дзяржавы ўлічыў, што адным з галоўных лозунгаў пратэстаў «дармаедаў» быў «Лукашэнка, сыходзь», і зрабіў больш хітра, чымся мінулым разам:

«Ён перавёў стрэлкі на мясцовую вертыкаль – цяпер яна будзе чухаць рэпу».

Папярэдні дэкрэт – №3 – паводле Аляксандра Класкоўскага, яго проста перапісалі і назвалі №1. Але перарабілі яго «цьмяна».

«Юрысты кажуць, што не бачылі больш неканкрэтнага дакументу – кажучы юрыдычнай мовай, ён складаецца з адных адсылачных нормаў», – кажа Класкоўскі.

«Зараз чыноўнікі зломяць дзіды, за якія паслугі павінныя плаціць «дармаеды», а ніякага спісу гэтых паслугаў няма – ёсць толькі даручэнне Савету міністраў такі спіс скласці, – кажа госць «Гарачага каментара».

«Можна раздаць мільён рыдлёвак і загадаць капаць адсюль і да абеду, але гэта не вырашэнне праблемы», – дадае Класкоўскі.

Поўную размову глядзіце ў відэа.

Глядзі таксама
Каментары