Лукашэнка падзяліў спартоўцаў на дзве каманды


Якімі намаганнямі спартоўцам даецца выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі – і з якімі наступствамі яны сутыкаюцца, высвятляем у праграме «Шчыра кажучы».

Беларусы зноў могуць выступіць на Алімпіядзе пад нейтральным, то бок алімпійскім – белым з пяццю каляровымі кольцамі – сцягам. Першы раз гэта адбылося на летніх і зімовых Алімпійскіх гульнях у 1992 годзе ў складзе так званай аб’яднанай каманды былых постсавецкіх рэспублік.

Цяпер гісторыя можа паўтарыцца на Алімпійскіх гульнях у Токіа ў 2021 годзе – як наступства адмысловага расследавання і санкцыяў Міжнароднага алімпійскага камітэту датычна Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі. Прычына – неабароненасць спартоўцаў ад палітычнага пераследу.

Кіраўніцтва НАК Беларусі (а гэта не толькі Аляксандр Лукашэнка як яго прэзідэнт, але і ягоны сын Віктар як намеснік) у першую чаргу і падпала пад санкцыі МАК.

«І яшчэ адна важная рэч – МАК раіў усім міжнародным федэрацыям устрымацца ад правядзення сур’ёзных мерапрыемстваў у Беларусі да выпраўлення сітуацыі ў краіне. Гэта таксама надзвычай важная рэпутацыйная рэч», – тлумачыць былы генсек НАК Беларусі Анатоль Котаў.

А гэта азначае, што ў Беларусі імаверна адбяруць права правядзення чэмпіянату свету па хакеі, які меў прайсці ў траўні-чэрвені 2021 года.

Палітычныя баталіі падзялілі і спартоўцаў: на тых, хто асудзіў гвалт, ды тых, хто хоча проста змагацца за медалі. З чым сутыкнуліся асобы, якія вырашылі не ігнараваць падзеяў у краіне і трапілі пад пераслед?

«Як можна гвалтам прымусіць цябе змяніць сваю пазіцыю? Да мяне, калі за горад прыязджаў намеснік міністра спорту з двума барцамі, спрабавалі мне навязаць сваю ідэалогію… Гэта ўжо адбылося пасля таго, як я звольніўся з КДБ і як мяне выгналі з Нацыянальнай каманды рэспублікі. Пачалі мне выказваць: «Навошта ты наагул гэта ўсё робіш? Навошта табе гэта ўсё трэба? Маўчы, адмоўся, нічога не кажы. Амапаўцы таксама пацярпелі. Пад гэтым сцягам палілі вёскі… Падумай пра сваё дзіця і пра сваю жонку», – узгадвае алімпійскі прызёр у шматбор’і Андрэй Краўчанка.

Таксама ў праграме «Шчыра кажучы»:

  • Ці шмат спартоўцаў працуе ў сілавых структурах?
  • Браты-спартоўцы па розны бок барыкадаў
  • Спартоўцы падпісваюць праўладны ліст, каб не страціць кантрактаў?

Калаж з фота: Dylan Martinez / Reuters / Forum, Dominik Ebenbichler / Reuters/ Forum

Belsat.eu