Гарачы каментар Лукашэнка не выключае форс-мажору са здароўем


Што стаіць за словамі кіраўніка дзяржавы пра неабходнасць зменаў у асноўным законе.

За сваю 24-х гадовую гісторыю Канстытуцыя перажыла дзве лёсавызначальныя рэдакцыі, апошняя ў 2004 годзе зняла абмежаванні на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў. На сваім пятым тэрміне Аляксандр Лукашэнка ў Дзень Канстытуцыі кажа пра магчымасць чарговых зменаў. Паводле кіраўніка Беларусі, яны патрэбныя ў межах развіцця высокіх тэхналогіяў, удасканалення эканамічных адносінаў, аптымізацыі сістэмы дзяржаўнага апарату ды пашырэнні паўнамоцтваў мясцовых органаў.

Рэальныя і схаваныя прычыны гэтых заяваў аналізуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Д’ябал хаваецца ў дэталях. Калі паглядзець на артыкулы Канстытуцыі, яна дастаткова дэмакратычная. Але на практыцы яны пераўтвараюцца ў фармальнасць і законы прымаюць драконаўскі характар. Я бы не шукаў у словах Лукашэнкі пра змены Канстытуцыі вялікіх сэнсаў. У 2012 годзе ён ужо казаў, што трэба змяніць Канстытуцыю ў мэтах мадэрнізацыі палітычнай сістэмы. У 2016 годзе сказаў, што трэба склікаць групу мудрацоў, каб яны памазгавалі над зменамі ў Канстытуцыю. Ужо 2018 год на двары і дзе тыя мудрацы?

Адказ у тым, што насамрэч Лукашэнку гэтыя змены непатрэбныя. Ён стварыў заточаную пад яго неабмежаваныя паўнамоцтвы сістэму ўлады. Таму гэта гульня, разлічаная больш на Захад: маўляў, глядзіце, не такая ў нас тут змрочная дыктатура, мы тут кажам пра нейкія перспектывы зменаў у Канстытуцыю. Нічога выключаць нельга, але скандальныя змены, як у Сярэдняй Азіі, цяпер малаверагодныя. Пры гэтым Лукашэнка не выключае нейкага форс-мажору, калі ў краіне запахне рэвалюцыяй альбо стан здароўя паставіць пытанне пра неабходнасць транзіту ўлады.

Менчукі таксама выказваюць свае меркаванні, ці трэба ўносіць змены ў Канстытуцыю Беларусі:

«Я лічу, што ўладу прэзідэнта трэба абмежаваць, каб ён не абіраўся больш за два разы».

«Ад улады ў нас ніхто не адмовіцца сам, і змены ў Канстытуцыю тут неістотныя».

«Я лічу, што перамены патрэбныя ў Беларусі, а ў Канстытуцыі змены не патрэбныя».

«Нашая краіна ўвогуле не павінна быць прэзідэнцкай, нам дастаткова парламенцкай рэспублікі».

Фота на застаўцы да відэа – sb.by

Глядзі таксама
Каментары