Суб'ектыў Лукашэнка не ідзе на выбары. NEXTA на Белсаце


Адныя гэтага баяліся, іншыя чакалі з нецярплівасцю: Аляксандр Лукашэнка не будзе ўдзельнічаць у наступных прэзідэнцкіх выбарах! Цяпер гэта ўжо дакладна – гэтак сказала дасведчаная варажбітка.

«Я не думаю, што ён будзе выстаўляць сваю кандыдатуру. Я думаю, што ўнутры яго цяпер ідзе вялікая барацьба: рабяты, на каго я вас пакіну», – заявіла майстар трансфармацыі свядомасці Таціяна Вараб’ёва.

Рабяты ў добраахвотны сыход Лукашэнкі не вераць.

Жыхары Менску кажуць:

«Пакуль не сыдзе туды, іншага спосабу няма»».

«Я ў гэтым сумняюся. Гэта наш прэзідэнт».

«Ён сам калі адмовіцца, то знойдзе на месца годнага пераемніка».

«Тое, што кажуць варажбіты, такое адчуванне, проста падрыхтоўваюць да нечага».

А мы верым, што Лукашэнка можа больш не балатавацца, ён можа сваім указам проста АДМЯНІЦЬ выбары. Няма выбару, няма выбараў – заставайцеся з нязменным прэзідэнтам!

–-

Нязменным прэзідэнтам цягам трох дзесяцігоддзяў быў і сябар Лукашэнкі – Робэрт Мугабэ. За гэты час Зімбабвэ стала найбяднейшай краінаю свету: беспрацоўе там дасягае 90 %, а за адзін долар даюць 35 квадрыльёнаў мясцовых долараў. Мугабэ скінулі, цяпер у Менск прыехаў ягоны пераемнік Мнангагўа.

Аляксандр Лукашэнка: «Мы вельмі перажываем за вас і хацелі б, каб вы як мага хутчэй пераадолелі ўсе складанасці».

Бедныя і найбяднейшыя дамовіліся аб звышпрыбытковых праектах. У якасці бонусу для Зімбабвэ Лукашэнка паабяцаў прыехаць у Афрыку.

«Я канешне, з вялікім задавальненнем прыеду да вас у краіну».

Але ці бяспечна гэта? Афіцыйна прэзідэнта Зімбабвэ завуць Эмэрсан Мнангагўа, неафіцыйна – Кракадзіл, мянушка засталася пасля ўдзелу ў «Кракадзілавай бандзе». Што Лукашэнка можа супрацьпаставіць зубастаму партнёру? Як беларусы завуць Лукашэнку?

Жыхары Менску кажуць:

«Лук, лучок, залатая цыбулінка»

«Лысы, вусаты»

«Бацька і бацька»

«Лука, шмат кепскіх каментароў»

«Злым вусатым дзядзем»

«Лука, Лукавы хіба што»

«У мяне бацька яго называў, калі яшчэ яго не выбралі, Алкашэнка»

«Учора сказалі вусаты нянь, у краме чула»

Наступны раз запытаем у беларусаў, ці адпусцяць яны Няня да Кракадзіла. Хаця ехаць туды ёсць па што: у Зімбабвэ ёсць карысныя выкапні. А ў Менску – золатаздабывальная тэхніка – не звыштэхналагічная, каб абагаціць усіх беларусаў, але дастаткова добрая, каб азалаціць адну сям’ю ў Беларусі.

Беларусам жа… раздадуць грошы: пасля продажу зімбабвійцам аднаго трактару кожная беларуская сям’я атрымае адразу некалькі тысяч долараў… зімбабвійскіх – таннейшых за туалетную паперу.

––

Айчынныя трактары цешаць і вока беларусаў. Ці гэтак жа цешыліся б менчукі, калі б ведалі, колькі чыноўнікі за іх заплацілі. На асвятленне такіх фігураў сталічныя ўлады выдаткавалі больш за мільён долараў.

Жыхары Менску кажуць:

«Гэта вельмі шыкоўна – мільён долараў».

«Якія фігуркі, для чаго?»

«Не варта гэтага рабіць, але каму тут што дакажаш».

«Лепш пусціць гэтыя грошы на сапраўдныя сацыяльныя патрэбы, на ахову здароўя»

«Хочацца, каб было і прыгожа і танна. А мільён, канешне, шкада. Вельмі шкада. Ха-ха».

Не бяда, што новы трактар ужо іржавы ды з ізаляцыйнай стужкай — галоўнае, дарагі! Як і ўсё іншае.

Вольга Старасціна, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары