Лукашэнка: Макей мінус 30 %. «Freedom house»: Беларусь плюс 1 пункт. «Прасвет» з Сяргеем Пелясою


Беларускіх дыпламатаў скарацілі на траціну. Да чаго гэта прывядзе? Як літоўскія эльфы змагаюцца з расейскімі тролямі ды як сірыйская бяспека трымала польскага журналіста ў турме і хто дапамог адтуль выйсці. Пра гэта сёння ў «Прасвеце» з Сяргеем Пелясою.

Маленькі крок Беларусі да дэмакратыі

Яшчэ менш свабоды ў свеце. Да такой высновы прыйшла ўплывовая праваабарончая арганізацыя «Freedom house» у сваім найноўшым рапарце. Згодна з ацэнкай экспертаў, сітуацыя з глабальнай дэмакратыяй пагаршаецца 12-ты год запар. У несвабодных краінах на сёння жыве кожны чацвёрты жыхар планеты. У тым ліку і беларусы. Але Беларусь усё-ткі паднялася на адну пазіцыю ў рэйтынгу. Як гэта здарылася, высвятляла Вольга Жарнасек.

«Скарачэнне МЗС гэта вялікі стрэс для дыпламатаў»

Лукашэнка скараціў цэнтральны апарат міністэрства замежных справаў Беларусі на траціну. Пра гэта паведаміў кіраўнік беларускай дыпламатыі Уладзімір Макей у каментары апублікаваным на сайце агенцыі «Белта». Наколькі беларуская дыпламатыя развітая ў параўнанні з украінскай і ці скарачэнне аслабіла пазіцыю міністра Уладзіміра Макея?

Каментуюць Ігар Губарэвіч, старэйшы аналітык «Цэнтру Астрагорскага» і былы шматгадовы працаўнік міністэрства замежных справаў Беларусі а таксама Арсень Сівіцкі, дырэктар Цэнтру стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў.

Лукашэнка, Пуцін, Трамп. Папулізмам супраць папулізму

Адзін абяцае «мачыць тэрарыстаў у сарціры» і жартуе пра бабуляў, якія маглі б стаць дзядулямі пры пэўных умовах. Іншы, з характэрным акцэнтам, распавядае пра ротарную жатку і абмалот ды абяцае ўсім па пяцьсот. Іхны калега за акіянам таксама не асцярожнічае ў выразах, выкарыстоўваючы словы, якія немагчыма было б уявіць у выкананні ягоных папярэднікаў. Як і чаму менавіта такім чынам размаўляюць сучасныя палітычныя лідары, высвятляў Усевалад Шлыкаў.

Польскі журналіст: «Сірыйская бяспека нас не біла, не катавала і не запужвала»

Нелегальна трапіў у Сірыю а потым у турму рэжыму Асада. Інтэрв’ю з Вітольдам Рэпетовічам, журналістам польскага тэлебачання TVP.

Літоўскія эльфы супраць расейскіх троляў. Як Вільня рыхтуецца да абароны?

Польшча і краіны Балтыі бачаць ваенную пагрозу для сябе з боку Расеі ды рыхтуюцца да абароны – і на моры, і на сушы, і ў інфармацыйным полі. Як ужо цяпер абараняецца Літва, пакажа рэпартаж Ганны Русінавай і Яраслава Сцешыка.