Лукашэнка: «Калі ты ўжо цалаваўся з кімсьці, дык цалуйся далей»


93 дні – да прэзідэнцкіх выбараў! Шосты раз улады прапануюць беларусам абраць… Аляксандра Лукашэнку. Ужо чвэрць стагоддзя ён кіруе нашаю краінаю, за гэты час мы не сталі больш заможнымі, не запусцілі ракетаў у космас, не вырваліся ў лідары ні ў навуцы, ні ў эканоміцы, ні ў адукацыі, ні ў медыцыне… ні ў чым.

Але цяпер усё будзе па-іншаму. На шосты тэрмін Лукашэнкі абяцаюць прарыў… па ўсіх франтах, нарэшце мы ўсяму свету пакажам «кузькаву маці» ды дамо перцу з імберцам! І гэта не пустаслоўе! Найлепшыя розумы краіны паказалі Лукашэнку айчынныя дасягненні. Вось яны. Гэта толькі здаецца, што гэта – абы-што. Насамрэч гэта ого-го!

– Гэтае аўта – мы лічым, што мы на ім зможам спаборнічаць з «Тэслай». І гэта мы абсалютна шчыра заяўляем.

– Рухавікі чые?

– Магілёўскія.

Што там аўты! Беларусы вынайшлі трохколавыя ровары!

– Гэты трохколавая мадэль на ўзмоцненай раме стальной з незалежным…

– Гэта як ровар?

– Так!

А гэта айчынныя хуткасныя суперскутары!

– Які запас хады?

– Максімальная хуткасць да 60 км/г.

З такімі хуткасцямі мы ўсіх пакінем ззаду.

– Паспрабаваць цікава. Ок?

І нарэшце мега-супер-крутое вынаходніцтва!

– Тут вы бачыце першы ў свеце ў дадзеным класе ваенна-ўдарны верталёт.

Яшчэ і не тое будзе!

«Да лета мы вам пакажам сапраўдны верталёт. Блізкі аналаг ёсць толькі ў амерыканцаў. Уяўляеце сабе: мы такая маленькая краіна, а ўзровень маем, які сабе могуць дазволіць толькі адзінкі».

І сапраўды, іншыя краіны свету не могуць сабе дазволіць вырабляць нешта не з мэтаю зарабіць, а толькі дзеля таго, каб паказаць гэткі цуд прэзідэнту!

«Перспектыў іх баявога ўжывання я не ведаю, нідзе не бачыў. Ёсць плюсы беспілотных верталётаў праз іх манеўранасць на нізкіх хуткасцях, але нават у выведцы, я шчыра кажучы, пакуль не ведаю», – кажа Ягор Лебядок, ваенна-палітычны аглядальнік.

Хаця калі пастарацца, то і гэтаму цуду можна знайсці выкарыстанне.

«Гэтая труба, якую ў нас дэманструюць для выкіду гранатаў, зразумейце, гэта не для вайсковага выкарыстання, гэта для тэрарыстычных аперацый або сілаў спецпрызначэння. Для войска гэта немэтазгодна, таму ў войска яны не трапляюць», – адзначае аналітык.

Галоўнае, што трапяць у спіс дасягненняў кіравання Лукашэнкі. Беларусаў, якія і так нацярпеліся, Лукашэнка папрасіў пацярпець яшчэ месяц! Вось яна – новая антыкаронавірусная парада ад Лукашэнкі:

«Калі ты ўжо цалаваўся з кімсьці, дык цалуйся далей. Ня лезь там, калі ты мужык, да іншай жанчыны. Ну пацярпі месяц. Калі ты дзесьці цёрся там у сям‘і, застанься ў сям‘і».

Дзе і з кім труцца беларусы, мы запыталіся ў жыхароў Глыбоччыны:

«Ёсць прыстойныя беларусы, якія захоўваюць сем‘і, а ёсць такія, якія бяруць з некага прыклад».

«Гэта ж грэх – хадзіць да палюбоўніцы!»

«Цяпер імкнуцца ў сям‘і неяк».

«Маладыя можа і ходзяць».

«Беларусы адданыя сямейнікі, толькі дома

«У мяне ёсць свая жанчына, таму нікуды не хаджу».

«Ходзяць, у мяне на працы ўсе ходзяць».

Ці гатовыя гэтыя труны месяц пацярпець?

«Месяц цярпець і не цалавацца – гэта ж сем‘і парушацца».

«Я ўсё жыццё жыву з сям‘ёю».

«Усё правільна, калі такі стан у краіне, трэба засцерагацца».

«Не, хто гэта сказаў, той хай і цярпіць!»

Уласна, ці будзе цярпець Лукашэнка, які нязменна, ужо 45 гадоў у шлюбе з адною жанчынаю! І з дзецьмі … не ўсімі ад яе…

«У яго шмат там гэтых усялякіх там каханак. Яму цярпець не трэба. Іх усіх там правераць, і ён сходзіць да каго трэба».

«Можа і пацярпець, ён жа ў нас немалады хлопец».

«Як я паглядзела як яго на суботніку атачалі маладыя дзяўчаты, думаю, не!»

«Думаю будзе!»

«Ён так, вытрыманы мужык!»

«Мяне цікавіць іншае, што ў нас не Мінздароўя дае рэцэпты, а галоўны кіраўнік: то козачкі ў яго народзяцца, то ён на трахцеры, 100 грам пацягнуць»…

«Нам нельга!»

І журналістам таксама шмат чаго нельга… Гэтак Змітра Лупача адразу пасля запісу гэтага апытання затрымалі, у ізалятары ён будзе чакаць суда, які мае адбыцца ў панядзелак.

Вольга Старасціна, «Субектыў», «Белсат»

Калаж з фота: Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь