Лукашэнка ігнаруе правілы бяспекі


Белсат Zoom – новая праграма ў інфармацыйным вяшчанні. У цэнтры ўвагі – эпідэмія каронавірусу. Каментары з месца падзеяў. Ацэнкі экспертаў. Мы здабываем інфармацыю там, дзе прымушаюць маўчаць.

41 чалавек з Жыровічаў – у шпіталі

41 чалавек з Жыровіцкага манастыра і семінарыі шпіталізаваныя, сярод іх – 23 семінарысты – кантакты першага ўзроўню, засведчыў у каментары Тут.бай галоўная доктарка Слонімскага цэнтральнага раённага шпіталю Наталля Рызвановіч. Напярэдадні Жыровіцкі манастыр і дом пілігрыма прыпынілі прыём наведнікаў да 10 траўня.

Лідская абутковая фабрыка на каранціне

Вытворчасць славутых кедаў прыпынілі. Лідскую абутковую фабрыку закрылі на каранцін да 30 красавіка, бо ў некаторых працаўнікоў выявілі COVID-19. Пра гэта парталу Тут.бай распавяла дырэктарка прадпрыемства Тамара Ігнатовіч, якая і сама цяпер у больніцы. Прычыну сваёй шпіталізацыі дырэктарка не паведаміла.

Дапамагчы настаўнікам

Дапамагчы ня толькі дактарам, але і настаўнікам. Платформа «Імёны», асацыяцыя «Адукацыя для будучыні», IT-кампанія «Вайзар Геймз» і мясцовы адукацыйны фонд «Новая школа» запусцілі праект дапамогі ў закупе масак, пальчатак і антысептыкаў у навучальныя ўстановы. Гэтак, школы, запоўніўшы Гугл-форму, могуць дасылаць свае запыты на патрэбныя ім сродкі аховы, а арганізатары праекту будуць шукаць неабходныя рэчы. Падтрымаць праект могуць як фізічныя асобы, гэтак і кампаніі, спонсары ды пастаўнікі матэрыялаў. Усе падрабязнасці – на сайце imenamag.by.

belsat.eu

Калаж з фота: BENOIT TESSIER / Reuters / Forum