Аляксандр Лукашэнка цягне час за гарбатай у Сочы, ягоны эмісар Міхаіл Мясніковіч у Польшчы каментуе для «Белсата» а Варшава разам з Вашынгтонам закрываюць беларускі кірунак ракетамі. Як гэта ўсё зразумець? Мы патлумачым у «ПраСвеце» з Сяргеем Пелясою. Тэмы праграмы:
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін правялі трохдзённыя перамовы ў Сочы. Такім чынам Дзень закаханых кіраўнікі Беларусі і Расеі адзначылі разам, хоць да любові паміж хаўруснікамі ўсцяж далёка. Крэмль настойвае на глыбейшай інтэграцыі з Менскам і не цураецца пры гэтым эканамічнага ціску. А як вядома, сілаю не быць мілаю… Вольга Жарнасек.
Інтэрв’ю Змітра Міцкевіча з Валерыяй Касцюговай, палітолагам з аналітычнага праекту «Нашае меркаванне». Поўную версію размовы з разборам беларуска-расейскіх дачыненняў мы апублікуем на сайце і на Youtube-канале «Белсат News».
Пакуль Аляксандр Лукашэнка дамаўляецца на ўсход ад Беларусі – з Уладзімірам Пуціным у Сочы, дбаць пра дзяржаўныя інтарэсы на заходнім кірунку выправіўся адзін з самых уплывовых беларускіх чыноўнікаў – кіраўнік Савету Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч. Варшава прыняла Мясніковіча на найвышэйшым узроўні, але ці будуць з гэтага нейкія дывідэнды для Менску? Высвятляў Ігар Кулей.
Старшыня беларускага Савету Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч наведаў маленькую вёску на Беласточчыне на польска-беларускім памежжы, якую цяжка знайсці на мапе. У Заляшанах у 1946-ым годзе аддзел польскіх партызанаў з Нацыянальнага вайсковага задзіночання пад камандаваннем капітана Рамуальда Райса з псеўданімам Буры знішчыў мясцовых жыхароў, а вёску спаліў. Учора, упершыню ў гісторыі, высокапастаўлены чыноўнік з Беларусі пасля спатканняў з кіраўніцтвам Польшчы ды Падляскага ваяводства наведаў месца трагедыі. Там мы запісалі ягоны каментар пра візіт у Польшчу. Сюжэт Аркадзя Несцярэнкі ды Ігара Кулея.
Самы хуткі вайсковы кантракт у гісторыі нашых заходніх суседзяў. Увосень Польшча зацікавілася амерыканскім ракетным комплексам «Гаймарс», а на гэтым тыдні яго набыла. Улічваючы амерыканскую бюракратыю, гэта імгненна, адзначаюць эксперты. Дзяніс Дзюба паразмаўляў з імі пра тое, на што і навошта палякі выклалі амаль паўмільярда долараў.
Польшча ў хуткім тэмпе ўзмацняе сваю абарону з дапамогаю Злучаных Штатаў. Пастановы пра Форт Трамп з амерыканскімі войскамі ў Польшчы яшчэ не прынялі, а ракетныя сістэмы «Гаймарс» ужо набытыя. Лукашэнка абяцае адрэагаваць на «бразґанне зброяй». У студыі – Павэл Фляйшэр, кіраўнік Інстытуту прагназавання і міжнародных даследаванняў.