Лукашэнка: галоўная для мяне і ўсіх падначаленых задача – гэта ўборка


Куды не крочыць нага Лукашэнкі, паўсюль ад яго гучыць выразнае папярэджанне:

«На коне нават не стабільная Беларусь, чысценькая і ўтульная, на коне незалежнасць краіны».

Перакладаем: на коне незалежнасць краіны ад Лукашэнкі. Ён кажа:

«Я нікому не дазволю зламаць гэтую краіну. Я хачу каб вы і іншыя разумелі – для мяне няма большай каштоўнасці чым Беларусь».

Перакладаем: няма большай каштоўнасці, чым кіраванне Беларуссю… Выбарчае змаганне ідзе, дзейны кіраўнік наведвае рэгіёны, дзе адказвае на зручныя пытанні. Працаўнік «Гродна Азоту»:

«Паважаны Аляксандр Рыгоравіч, так здарылася што сёлета прэзідэнцкія выбары супадуць з не менш гарачай і важнай падзеяй для нашай краіны – гэта ўборка ўраджаю. У мяне простае пытанне – ці першая падзея не перашкодзіць другой?»

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Гэтая пандэмія пачалася, калі мы ў пасяўную ўвязаліся. І для мяне галоўнае было пасеяць. Вось ведаеце, своечасова пасеялі, зрабілі, цяпер глядзіце, якое надворʼе! І дажджы. Уся зялёная Беларусь! Выбары, не выбары – галоўная для мяне і ўсіх падначаленых задача – гэта ўборка».

Калі б у іншых гарадзенцаў была магчымасць задаць пытанне Лукашэнку, яны б не пасаромеліся:

«У мяне столькі пытанняў… Каб ён у Шклоў вярнуўся ў свой калгас і там сядзеў за гумном і ўсё».

«Ой, я вам скажу, што я амаль не спала ноч, думала, што б я яму нагаварыла… У яго б пэўна вушы завялі».

«Калі ён ужо пойдзе ў адстаўку?»

«Гэта бессэнсоўна, бо чалавек жыве ў іншай рэальнасці, Цягам 26 гадоў ён настолькі аддаліўся ад народу, што ён нас не чуе».

А таму сустракалі кіраўніка пастановачным натоўпам, толькі на прадпрыемстве «Гродна Азот», якое наведваў. Што камера «Белсату» пачула за плотам прадпрыемства? Жыхары Горадні:

«Я б хацела як і ўсе сказаць яму, каб ён ішоў у адстаўку, бо жыць папросту невыносна ў Беларусі. Мае сын і дачка ўвесь час працуюць за мяжою».

«Хацелася б каб гэта быў апошні ягоны прыезд у гэты горад».

Апроч размоваў пра тое, хто ёсць Беларусь, вядзецца пра абарону дзяржаўнай супрацьвіруснай стратэгіі:

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Мы зрабілі правільна. Хто ізаляваў народ, атрымаў другую хвалю».

«Цешыць яшчэ што вы больш выпісваеце людзей з больніцы, чым накіроўваеце ў больніцу».

Калі гэта не пра радзільнае аддзяленне, то пра чарговы беларускі цуд! Мерапрыемствы, масавыя і аператыўныя, праводзяцца ўсё часцей… Як ніяк – выбарчая кампанія… З прэтэндэнтаў у выбарчы бюлетэнь дзяржава скрэсліла ўжо дваіх канкурэнтаў «нязменнага». Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«І выбары мы правядзем, вы не хвалюйцеся, правядзем! Што ў нас першыя выбары? Галоўнае каб мы краіну не згубілі, каб мы не аддалі краіну разгільдзяям і тым, каторыя абяцаюць, што з верталёту грошы будзем скідаць».

Хто куды грошы скідваў ці падкідваў… яшчэ пытанне. Сувязь паміж Ціханоўскім і Бабарыкам відавочная: «так званае нарабаванае» у іх знайшлі ў аднолькавых смеццевых мяхах. Калі заўтра такія знойдуць і ў Валера Цапкала, паходжанне грошай сродкаў цалкам зразумелым. Вялікія грошы – вялікія праблемы, малыя грошы – непрынцыповыя.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Навошта штрафаваць жанчыну сталага веку, якая ля дарогі прадае вядро яблыкаў ці бульбы. Пры тым з уласнага гароду. Я думаю што будзе лепш калі мы паўсюль арганізуем міні-рынкі, паставім лаўкі каля вёсак ці ў людных месцах».

Гэтыя лаўкі на просьбу нязменнага кіраўніка некалі прыбіралі… але не ў выбарчы год.

Юлія Цяльпук, Субʼектыў, «Белсат»

Калаж з фота: pravo.by/ Mikhail Metzel/TASS