Літва і Беларусь бліжэй перазагрузкі, украінскі Трамп і Вінніца Парашэнкі. «Прасвет» з Сяргеем Пелясою


«Нам важна, каб у дзень «ікс» Беларусь не была супраць балтыйскіх дзяржаваў». Гэта з інтэрв’ю з экс-міністрам абароны Літвы. Таксама мы распавядзем пра беларускую палітыку кожнага з трох фаварытаў літоўскіх прэзідэнцкіх выбараў. Пакажам, што аб’ядноўвае Уладзіміра Зяленскага з Доналдам Трампам. Больш пра тэмы «ПраСвету»:

Літва мяняе прэзідэнта. Хто з фаварытаў хоча размарожвання на лініі Менск – Вільня?

Размарожванне дачыненняў з афіцыйным Менскам, і што рабіць з Беларускай атамнай электрастанцыяй: гэтыя тэмы сталіся галоўнымі ў дэбатах кандыдатаў на прэзідэнта Літвы. Выбары роўна праз месяц. У залежнасці ад таго, хто ў іх пераможа, пазіцыя Вільні застанецца цвёрдая, ці пачнецца спроба дыялогу. Мы апыталі трох фаварытаў, якою будзе іхная беларуская палітыка. Кожны з трох мае падобныя шанцы стаць прэзідэнтам, і кожны прэзентуе іншы падыход да нашае краіны. Чым яны адрозніваюцца? Разбіраўся Ігар Кулей.

Экс-міністр абароны Літвы: «Абараняць беларускі суверэнітэт ужо позна»

У Літве ніхто не ўспрымае ўсур’ёз пагрозу з боку Беларусі як дзяржавы, але гэта плацдарм для Расеі. Ужо позна абараняць беларускі суверэнітэт, але я хачу, каб Лукашэнка ўбачыў сон, дзе Беларусь – на мапе Еўропы сярод дэмакратычных дзяржаваў, прызналася былая міністр абароны Літвы Раса Юкнявічыене. У поўнай версіі інтэрв’ю сённяшняя дэпутатка Сейму Літвы згадвае, як беларускія дэпутаты прыязджалі абараняць незалежнасць Літвы. Шукайце на YouTube-канале «Белсат news».

Парашэнка – цар і нявольнік. Як жывуць у Вінніцы – вітрыне кіраўніка Украіны?

Узлёт прэзідэнта Пятра Парашэнкі пачаўся ў Вінніцы. Гэты горад, які заснавалі нашчадкі вялікіх князёў літоўскіх, сёння – вітрына кіраўніка Украіны. Сваю кампанію ёй вядзе з акцэнтам на поспехі, якія дасягнула Украіна. Чым жыве сталіца Падолля, дзе найлепшыя заробкі на кандытарскай фабрыцы, ды як там ставяцца да Парашэнкі? Рэпартаж Змітра Міцкевіча.

Ці будзе моцным украінскі Трамп?

Уладзімір Зяленскі – гэта абсалютна віртуальны кандыдат. Кожны бачыць у ім тое, што хоча ўбачыць. Ягоныя галоўныя замежныя арыенціры не адрозніваюцца ад арыенціраў Парашэнкі ці Цімашэнкі, але ўнутраная палітыка ў асноўным – загадка. Ці будзе ён моцным прэзідэнтам? і чым ён падобны да кіраўніка Злучаных Штатаў Доналда Трампа? Інтэрв’ю Змітра Міцкевіча з кіеўскім палітолагам Алегам Саакянам.

«Белсат» атакуюць і адступаюць. А ці ў суседніх дзяржавах улады ціснуць на журналістаў?

Ператрус з пілою-«балгаркай» і канфіскацыя тэхнікі. Гэтак пачаўся наш працоўны аўторак. Айчынныя праваахоўнікі рушылі бараніць ад паклёпу кіраўніка Камітэту судовых экспертызаў Андрэя Шведа. Гаворка пра памылку ў тэксце на нашай старонцы, якая была выпраўленая, і за што мы адразу ж апублікавалі афіцыйныя прабачэнні. Гэта далёка не першы выпадак ціску на незалежныя СМІ ў Беларусі апошнім часам, але і ў нашых, падавалася б, куды больш дэмакратычных суседзяў не ўсё ідэальна, аднак у Літве, Украіне ды Польшчы ёсць кардынальныя адрозненні. Падрабязнасці ва Усевалада Шлыкава.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у пятніцу а 21:25. Заходзьце на Facebook праграмы!

belsat.eu