Лідар «Гавары праўду»: Сплачваць падатак на дармаедства нельга


Пакуль абураныя грамадзяне рыхтуюцца да ўдзелу ў шэрагу Маршаў супраць дармаедства, першы з якіх запланаваны ў Менску ўжо 17 лютага, кампанія «Гавары праўду» зладзіла ў сталіцы «Сход дармаедаў». Зрэшты, падобныя не толькі назвы гэткіх грамадскіх слуханняў з анансаванымі вулічнымі акцыямі, але і патрабаванні да ўладаў – «Дэкрэт №3 трэба адмяніць!»

Лідар кампаніі «Гавары праўду» у эфіры «Белсату» распавёў пра сход.

«Мы настойваем на тым, што нельга сплачваць гэты падатак, бо калі гэта зробяць тыя, каму дайшлі «лісты шчасця», улады вырашаць, што ўсё добра і што можна ўводзіць яшчэ адзін падатак. Таму трэба не плаціць, трэба пісаць у розныя інстанцыі, у падатковыя, мясцовым уладам, і зацягваць гэта. Трэба паслаць вельмі выразны сігнал пра тое, што мы не гатовыя, мы не будзем плаціць гэты падатак. Больш за тое: мы не згодныя з той несправядлівасцю, якая сёння пануе ў Беларусі», – заявіў Андрэй Дзмітрыеў.

Таксама ён выказаўся пра тое, ці могуць беларусы пачакаць пару гадоў з адменай дэкрэту аб дармаедстве, як прапанаваў Аляксандр Лукашэнка:

«На сход зарэгістравалася больш за 140 чалавек. Вельмі шмат людзей з рэгіёнаў нам пісалі: «Выбачайце, мы не можам прыехаць. У нас няма 20 ці 10 рублёў, каб сёння паехаць у Менск. У нас няма проста на гэта грошай». Калі кіраўнік краіны кажа, што з дэкрэтам трэба пачакаць два-тры гады, ён проста не разумее: у людзей няма грошай, каб чакаць. Адмена гэтага дэкрэту павінна быць не пытаннем гадоў, а пытаннем месяцаў».

Чытайце таксама: