Леў Марголін – пра «аршанскі ўказ»: Пра яго праз год забудуць


Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 506 «Аб развіцці Аршанскага раёну Віцебскай вобласці». Мэта дакументу – стымуляваць комплекснае развіццё эканомікі раёну, павысіць рост даходаў насельніцтва ды стварыць добрыя ўмовы для прадпрымальніцтва. Дзеля гэтага прадпрыемствы вызваляць ад выплаты падатку на дадатковую вартасць пры ўвозе тэхналагічнага абсталявання, зменшаць пенсійныя адлічэнні, стаўку падаткаў паводле спрошчанай схемы давядуць да 1 %.

Эканаміст Леў Марголін скептычна ставіцца да ўказу. У эфіры «Гарачага каментару» эксперт заявіў, што ільготы для аднаго са 118 беларускіх раёнаў праблемы не вырашаюць, бо трэба ствараць інвестыцыйны клімат.

«Са мной пагадзіцца большасць эканамістаў: ніякія ільготы праблемы не вырашаюць. Трэба ствараць інвестыцыйны клімат, калі кожны прадпрымальнік ведае, што яму дапамогуць і яго абароняць», – кажа Леў Марголін.

Да таго ж, ільготамі з указу не ўсе змогуць карыстацца, дадае эксперт.

«Напрыклад, адмена падатку на даданую вартасць – гэта ж трэба набываць абсталяванне. А ці многа ў нас прадпрымальнікаў, якія будуць ствараць прадпрыемствы і набываць абсталяванне?», – пытаецца Марголін.

Глядзіце размову ў відэаматэрыяле.