Легенда беларускага футболу Раман Васілюк скончыў спартовую кар'еру


У Берасці прайшоў развітальны матч Рамана Васілюка. Ён найлепшы беларускі футбольны бамбардзір: 256 галоў за 23 гады футбольнай ка’еры. Бліжэйшы канкурэнт і партнёр Рамана, які ўжо таксама скончыў гуляць, – Валер Стрыпейкіс – правёў 219 галоў, а ў бліжэйшага дзейнага футбаліста 36-гадовага Арцёма Канцавога на рахунку 136 галоў. Не дзіва, што толькі словы падзякі гучаць на адрас Васілюка ад тых, з кім ён гуляў.

Васіль Хамутоўскі, партнёр Рамана Васілюка ў зборнай Беларусі:

«Ну, па-першае, ён не стандартны нападаючы быў, я думаю, што якраз узровень гульца бачны на фоне моцных супернікаў і за зборную Беларусі, калі мы разам гулялі, ён быў праблемай для моцных еўрапейскіх зборных. Таму якраз і дэманстраваў свой узровень».

Алег Вераціла, абаронца берасцейскага «Дынама» і зборнай Беларусі:

«Ён з мячом – цяжка адабраць у яго мяч. І ў яго такія непрадказальныя дзеянні, што не прадбачыш. З ім заўсёды, калі ў камандзе, заўсёды аддасць мяч, заўсёды дакладна. І моманты калі цяжкія, ён заўсёды забівае і прыносіць ачкі камандзе».

За сваю кар’еру Васілюк пагуляў у двух замежных клубах і сямі беларускіх. Выйграў чэмпіянат Беларусі і чатыры Кубкі краіны, але заўзятарам больш за ўсё запомніўся покер Васілюка ў складзе зборнай Беларусі ў браму польскай дружыны, 18 гадоў таму. Больш ніводны футбаліст зборнай Беларусі не забіваў чатыры галы ў адным матчы.

Берасцейцы любяць Васілюка за галы і патрыятызм, і называюць яго легендай:

«Гонар і выхаванец нашага клубу. Проста добры чалавек».

«Легенда Берасця. Ён столькі сіл і часу прысвяціў роднаму гораду, гуляў у тыя хвіліны, калі і складана было футбольнай нашай камандзе, калі яны дамагаліся не асоба моцных поспехаў. Напэўна, за гэта яго і любяць».

«Просты, заўсёды адкрыты, і за покер Польшчы. Забіў зборнай Польшчы, калі Малафееў быў галоўным трэнерам. Усё гэта памятаюць і любяць. Дзякуючы гэтаму і стаў легендай футбола».

«Ён самы лепшы, ён легенда нашага берасцейскага футбола. Шкада, што ён сыходзіць, але гады бяруць сваё».

Мы запыталі ў Рамана Васілюка, ці згодны ён з такой адзнакай людзей:

«Я сябе так не называў, калі заўзятары так называюць, то так і ёсць».

Футбольныя калекцыянеры ствараюць адмысловыя альбомы, прысвечаныя Васілюку, і захапляюцца кар’ерай Рамана.

«Калі чалавек забіў больш за ўсіх мячоў у гісторыі беларускага футбола, гэта значыць вялікі ўклад. Ён будзе з’яўляцца прыкладам і маяком. Імкніцеся, пабейце яго рэкорд, ён паказаў планку, а планка вельмі высокая», – кажа футбольны калекцыянер Георгій Дарбуашвілі.

На развітальны матч Васілюка берасцейскае «Дынама», родны клуб Рамана, запрасіла «Ягелонію» з Беластоку, другі цяпер клуб Польшчы. Васілюк правёў першы тайм, і пайшоў з поля пад глядацкія авацыі пры нулях на табло, саступіўшы месца новай берасцейскай дзясяткі не менш вядомаму Арцёму Мілеўскаму. А пасля перапынку «Дынама» адкрыла лік пасля выстралу ўкраінца Аляксея Хабленкі, але перамогі не ўтрымала, двойчы прапусціўшы ў канцоўцы пасля галоў іспанца Імаса Хесуса. Цікава, што гэты паўабаронца – найлепшы бамбардзір чэмпіянату Польшчы – забіў у апошніх чатырох гульнях сем галоў.

Алег Вераціла, абаронца берасцейскага «Данама» і зборнай Беларусі:

«Мы трымалі мяч, яны трымалі мяч. Думаю, крыху больш за момантаў было ў нас, маглі забіць і больш, чым адзін, але ўрэшце расслабіліся або канцэнтрацыю страцілі і прапусцілі два крыўдных гола, і прайгралі».

Быў у гэтага матчу і іншы бок, дабрачынны. Усе грошы ад рэалізацыі квіткоў, а гэта 16,5 тысяч рублёў, «Дынама» пералічыць сям’і 7-гадовага Мікіты Палуянава, які ў выніку няшчаснага выпадку страціў частку нагі, але марыць гуляць у футбол, а ягоныя бацькі збіраюць грошы на спартовыя пратэзы.

Мікалай Палуянаў, бацька Мікіты:

«Пасля нашай траўмы мы пачалі наведваць хатнія матчы «Дынама-Берасце», мы гулялі на гэтай браме, я бачыў, што фатографы, прэса, і пасля гэтага ўбачыў аб’яву ў інтэрнэце, што праводзіцца дабрачынны матч «Дынама-Берасце». Для нас гэта стала нечаканасцю, сюрпрызам, гэта вялікая дапамога майму сыну. Ён вельмі любіць футбол, сказаў трэнеру, што зробіць пратэз і зноў прыйдзе на трэніроўку».

Мікіта гуляе ў футбол пакуль з адной нагой, але марыць зноў вярнуцца да трэнаванняў. Спытаемся Мікіту Палуянава, адкуль жа такая ўпартасць:

– Таму што я яго люблю.

– Чаму? Што табе падабаецца ў футболе?

– Там можна навучыцца забіваць галавой, праз сябе.

Разам дзецям можна вярнуць надзею, што і зрабілі берасцейцы.

Алесь Ляўчук belsat.eu