«Леапарды» Касцюшкі, новы польскі ўрад і перазагрузка з Беларуссю


Палякі інтэнсіўна мадэрнізуюць сваё войска і ўзмацняюць усход краіны. З чым гэта звязана? Як гэтыя дзеянні можа выкарыстаць Расея? Ці Беларусі трэба нешта рабіць у адказ? У польскім урадзе змены. Наколькі актуальным застаецца пытанне перазагрузкі ў беларуска-польскіх дачыненнях? Гэта галоўная тэма «Прасвету» з Сяргеем Пелясою.

Таксама ў праграме. Беларускія IT-адмыслоўцы: чаму адныя з іх з’язджаюць, а іншыя застаюцца? Аб праблемах у дачыненнях Масквы і Менску, а таксама пра расейскія ўплывы на выбарах прэзідэнта Чэхіі.

Чаму Польшча мяняе вайсковую дактрыну?

Варшава зацвердзіла і апублікавала «Стратэгічны абарончы агляд – 2016», а цяпер назвала яго выкананне прыярытэтам на гэты год. Дакумент на 30 старонак месціць элементы новай абароннай канцэпцыі ды вайсковае дактрыны Польшчы з візіянерскім бачаннем войска на 15 гадоў наперад. У беларускім Міністэрстве абароны, напэўна, гэты дакумент ужо пераклалі і цяпер пільна вывучаюць. Тым жа заняўся і наш калега Ігар Кулей.

Міхал Патоцкі: «Перазагрузку ў стасунках Польшчы з Беларуссю падтрымалі ЗША»

Беларусаў сярод новых польскіх урадоўцаў найбольш цікавяць міністры замежных справаў і абароны. Гэта іхныя дзеянні будуць уплываць на Беларусь. Што новага нам варта чакаць ад адноўленага польскага ўраду? Ці спрацавала ранейшая перазагрузка дачыненняў Польшчы з Беларуссю? Інтэрвʼю з журналістам польскага выдання «Dziennik Gazeta Prawna» Міхалам Патоцкім.

Чаму IT-адмыслоўцы выязджаюць з Беларусі і чаму застаюцца?

Абітурыенты і студэнты тысячамі шукаюць лепшага жыцця за мяжою. Гісторыю аднаго з іх, беларуса, які вучыцца ў Фінляндыі, мы пакажам у рэпартажы. А таксама прааналізуем, што Беларусь прапануе ўласнай моладзі і свету. Усевалад Шлыкаў і Ганна Русінава.

Чаму спрэчкі паміж Менскам і Масквою будуць працягвацца?

Новыя правілы эканамічнае гульні паміж Беларуссю і Расеяй уступаюць у дзеянне сёлета. Гаворка пра мытную дамову. Якія спрэчкі паміж Менскам і Масквою будзе выклікаць гэтае пагадненне, а таксама чаму Расея ўзмацняе сваю мяжу з Беларуссю? Пра перспектыву беларуска-расейскіх дачыненняў – у інтэрв’ю Змітра Міцкевіча з палітолагам Валерыяй Касцюговай.

Сябар Расеі ці нармальны прэзідэнт?

Грамадзяне Чэхіі скіраваліся на выбарчыя ўчасткі, каб выбраць прэзідэнта. Яшчэ да нядаўняга часу ўпэўненым фаварытам быў дзейны кіраўнік краіны і сябар Расеі Мілаш Зэман. Але апошнія апытанні даюць шанец на перамогу еўрааптымісту і лібералу Іржы Драгашу. Ці зʼявіцца новы гаспадар у Пражскім градзе? І ці ў выбар чэхаў умешваецца Масква? Высвятляла Вольга Жарнасек. З Прагі каментуюць кіраўнік праекту «Kremlin Watch» Якуб Янда і журналіст Ондржэй Соўкуп.