15 содняў арышту, дваровыя канцэрты і спектаклі, адукацыя географа і нечаканае месца, дзе яна нарэшце спатрэбілася, – пра гэта ды іншае размаўляем з культурным менеджарам «Арт-сядзібы» Аляксеем Сапрыкіным.
Аляксей Сапрыкін – актор, музыка і… географ. Праўда, адукацыя географа яму спатрэбілася толькі аднойчы, калі ён адбываў 15 содняў арышту. Да турэмнага досведу ён намагаецца ставіцца як да ўдзелу ў рэаліці-шоу.
«Сядзелася… па-рознаму. Былі цёплыя часы, былі вільготныя часы, былі галодныя, былі сытыя (пасля перадачы асабліва). Абсалютна розныя ўражанні, але генеральна вось так я для сябе ўявіў, што гэта такое рэаліці-шоу на выжыванне. Ці здолееш ты выжыць 15 сутак, ці колькі табе далі, у экстрэмальных умовах, калі ў цябе няма ні інфармацыі, ні гарачай вады, ні прасторы нават, дзе можна пахадзіць, не тое каб паляжаць ці пасядзець», – дзеліцца ўражаннямі Аляксей.
Як культурны менеджар «Арт-сядзібы» Аляксей займаўся рознымі праектамі. Напрыклад, на замову кампаніі «Годна» паўсталі «Годна News». Гэтая праграма, што выходзіла ўлетку 2020 года, была «сімбіёзам навінаў, скетчаў і гумару». Скончылася яна ў жніўні, калі стала не да жартаў.
У размове з вядоўцам Аляксей Сапрыкін распавядзе, чым яшчэ займалася «Арт-сядзіба» ў 2020 годзе, як за кратамі спатрэбіліся геаграфічныя веды і як прышчапіць моладзі беларускую мову. Таксама ён распавядзе, што дапамагае яму не падаць духам ад беларускіх навінаў.
У граматычнай частцы разбіраем розніцу паміж канструкцыямі «на дварэ» і «на двары», а таксама перакладаем на беларускую мову фразу «я выхожу».
Вядоўцы перадачы – Глеб Лабадзенка і Алеся Літвіноўская.
Адукацыйную праграму «Мова Нанова» глядзіце кожную нядзелю а 20:20 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.