Крытычныя дні для Беларусі. NEXTA на Белсаце


Усё магло б быць добра ў нашай краіне і ў кожнага з нас, але неяк не шанціць. Але дарогу перайшоў чорны кот. Хто ён? Суб’ектыўныя падзеі тыдня ў аглядзе блогера Сцяпана Святлова.

Няма таго, што раньш было. Раней пасля прыезду Лукашэнкі заставаліся адрамантаваныя фермы, а цяпер – крымінальныя справы.

«Завядзіце крымінальную справу ад механізатара да старшыні райвыканкаму!»

І завялі. 15 крымінальных справаў, а яшчэ далі сотні штрафаў і дысцыплінарных пакаранняў! Не вядома, хто больш нагадзіў людзям: каровы ці кіраўнік краіны?

У любым выпадку, пацярпелі ўсе, нават чыноўнікі, якім давялося цягам двух месяцаў не паперы перакладаць, а дзяржкантроль гною праводзіць. Можа, у сувязі з цяперашнімі задачамі, якія стаяць перад Камітэтам дзяржкантролю яго і перайменаваць варта?

Бо, як пішуць блогеры, абрэвіятура «КГК» набывае не толькі новы сэнс, але і ўвогуле – сэнс.

У Аляксандра Лукашэнкі – незвычайны спосаб развязання праблемаў: спачатку ён іх сам стварае, а потым вырашае. Гэтак, на рашэнне Лукашэнкі спачатку знеслі будынак «БелЭкспа» на вуліцы Купалы, пляцоўку аддалі арабскаму інвестару, а цяпер Лукашэнка ставіць задачу пабудаваць з бюджэтных сродкаў новы выставачны цэнтр:

«Трэба зрабіць проста і прыгожа, дабротна, якасна».

Прыгожа і дабротна пабудавалі «Студэнцкую вёску»: бо не для сваёй моладзі, а перадусім для гасцей Еўрапейскіх гульняў. Імпрэзу яшчэ не правялі, а ўжо на большае замахнуліся.

Адзін з журналістаў запытаўся ў Лукашэнкі, ці не час замахнуцца на Чэмпіянат свету па футболе ці Алімпійскія гульні?

«З вялікім задавальненнем. Але ў нас есць адзін мінус – у нас няма яшчэ аднаго нацыянальнага стадыёну», – адказаў кіраўнік Беларусі.

Адно толькі пытанне паўстае: чаму ў нас бюджэт не такі грандыёзны, як пражэкты ўладаў?

Вольга Старасціна