Кроў, прызы і паясы. Баі прафесіяналаў ММА вяртаюцца ў Менск


ММА або змяшаныя баявыя майстэрствы зноў завіталі ў Менск, дзе на пляцоўцы «Falcon Club Arena» ахвотныя наўпрост маглі паназіраць за баямі прафесіяналаў. У выніку ўсе засталіся задаволеныя, акрамя, мабыць, спартоўцаў, якія зазналі паразы.

Клетка актагона зноў адчыненая, гледачы займаюць свае месцы, спартоўцы рыхтуюцца да выхаду на рынг. У беларускай сталіцы прайшоў апошні ў сёлетнім сезоне турнір па ММА міжнароднага прамоўшну Новае баявое пакаленне пад назваю «Бітва чэмпіёнаў». Як заўжды, заўзятары не сумавалі, паглядзець было на што, байцы прадстаўлялі 6 краінаў свету і нават некалькі кантынентаў.

Матчмэйкер Лігі NFG Антон Рыбчонак распавядае:

«Дужаемся, зноў дужаемся. Бітва чэмпіёнаў, заключны турнір у гэтым годзе, самы маштабны, самы круты. Змянілі лакацыю, прывезлі яшчэ больш чэмпіёнаў, а для нашых беларусаў гэтым разам будзе цяжкае выпрабаванне».

У межах турніру адбыўся шэраг баёў за паясы прэстыжнага сусветнага прамоўшну. Адны байцы змагаліся на рынгу па некалькі раўндаў, другім хапала нават пары дзясяткаў секунд, каб адправіць апанента ў накаўт.

«Баёў лёгкіх не бывае. Усе баі – гэта перажыванні, стрэс, доўгатэрміновае рыхтаванне, і ніхто не ведае, як пойдзе бой у актагоне. Заўсёды баі цяжкія, але ў гэты момант ён склаўся лёгка, і гэта вельмі прыемна», – тлумачыць удзельнік турніру Павел Масальскі.

У галоўным баі вечара перамог адзін з асноўных прадстаўнікоў ММА ў нашай краіне Міхаіл Адзінцоў, які нанёс паразу госцю нашай сталіцы, бразільскаму спартоўцу Жуану Паўлу Радрыгісу дэ Соўзу.

Наагул гэты год прамоўшну атрымаўся даволі насычаным, а вынікі нам падвёў матчмэйкер Лігі NFG Антон Рыбчонак:

«Шмат цяжкай працы: ездзілі на чэмпіянаты свету, праводзілі турніры, вельмі шмат зрабілі для нашага спорту. Я вельмі ганаруся сабою, сваёй камандай, які аб’ём працы ўдалося агарнуць».

«На рынзе ўсё складана, але самае цяжкае было згонка вагі, а тут ужо бой 3 раўнды па 5 хвілінаў, з гэтым непараўнальныя рэчы. Увогуле плануем удушальныя прыёмы, але цяпер я ўсё рабіў паводле факту. Рыхтаваўся пад абодвух супернікаў – абарона, барацьба, удары, і ўсё атрымалася», – кажа Ілля Беражкоў, удзельнік турніру.

Наступны год не стане выключэннем, у планах арганізатараў – прывесці ў Беларусь шмат тытулаваных спартоўцаў з усяго свету, ну і безумоўна свае байцы не будуць адседжвацца на радзіме, а таксама адправяцца скараць планетарныя вяршыні.

Дзмітрый Сухановіч belsat.eu

Студыя «Белсат»
Баі ў клетцы на даху гандлёвага цэнтру. У Менску прайшоў турнір па ММА
2019.08.22 13:25
Hавiны
Вадзім Галыгін стаў намеснікам старшыні федэрацыі ММА
2019.09.28 17:50