Асабісты капітал Красці нельга, а не плаціць падаткі – можна. Каштоўнасці беларусаў


Эксперт праграмы «Асабісты капітал» Міхал Залескі аналізуе каштоўнасці беларусаў.

Асабісты капітал, яго памеры і спосаб стварэння прадвызначаюцца асаблівасцямі культуры і грамадства, што ўплываюць на асобу з дзяцінства. Ёсць каштоўнасці, якія, так бы мовіць, складаюць вонкавы асяродак назапашвання, дзеля іх грошы і збіраюць, і трацяць. Пра тое і пагаворым сёння.

Найбольш фундаментальная з каштоўнасцяў – прыватная ўласнасць.

На словах, а недзяржаўныя сацыёлагі даследавалі, зрэшты, толькі словы людзей, дапускаюць крадзеж як норму не больш за 5 адсоткаў тутэйшых.

Суадносіны стаўлення да прыватнай і дзяржаўнай уласнасці

Астатнія лічаць пасяганне на чужы маёнтак ганебным. Пры тым, мне здаецца, людзі думаюць пра маёмасць іншых людзей.

Бо, напрыклад, нясплату падаткаў прызнае дапушчальнаю кожны шосты, а праезд зайцам у транспарце – 36 адсоткаў.

«Ад многага нямножка, не кража а дзялёжка», – як абруселыя калгаснікі жартавалі.

Але ж рабіць беларусы традыцыйна любілі і, на дзіва, не надта развучыліся нават за саветамі. Таму праца, паводле шмат якіх апытанняў, займае пачэснае месца ў іерархіі каштоўнасцяў.

Навошта працаваць?

Матывы працоўнай занятасці чым-небудзь гістарычна не надта зменлівыя, бо есці хочацца штодня. Таму ад працы ў першую чаргу чакаюць заробку. Заробак, паводле значэння для апытаных, удвая перавышае іншыя інтарэсы, напрыклад, цікавасць дзейнасці або павагу людзей да яе. Ускосна з таго можна меркаваць, што прыблізна 10 % людзей зарабляюць упэўнена і дастаткова.

Людзі схільныя казаць тое, чаго ад іх, на іхную думку, чакаюць, таму ў анкетах бываюць кантрольныя пытанні. У нашым выпадку такім было пытанне пра тое, якія каштоўнасці варта прышчэпліваць дзецям.

«Дзіцячыя» каштоўнасці

Мушу зазначыць, незалежна ад таго, што дарослыя гавораць дзецям, 95 % дзяцей робяць тое самае, што іхныя бацькі. Якое дрэва, такі і клін.

Сямейныя людзі спадзяюцца выгадаваць дзяцей працавітымі, адказнымі, памяркоўнымі і ашчаднымі.

Мяне тут крыху здзіўляе, што пад тым няма ніякай ідэалогіі, бо вернымі Богу спадзяецца выгадаваць малых толькі адная з дзесяці сем’яў.

Апошняе трэба залічыць да відавочных дасягненняў камуністаў. Смела сказаць, да чаго гэта прывядзе з цягам часу, ніхто з экспертаў не наважыўся. Будзем назіраць.

Дзеля чаго жывем?

І таму, калі сёння задаюць беларусам пытанне, дзеля чаго яны робяць так шмат і старанна, гаруюць і стараюцца, то выяўляецца сапраўдная апірышчы нацыі.

Тутэйшы чалавек, фігуральна кажучы, павернуты спінаю да свету і грамадства, бо галоўнае ў яго – сямʼя, ціхае і бяспечнае жыццё паводле старых, не намі заведзеных звычаяў нашага народу.

Добра было б, каб хапіла розуму ў мясцовых начальнікаў даць людзям магчымасць жыць сваім жыццём, бо калі беларусу жыць не даюць, то невядома што ён наробіць. Усяго вам найлепшага.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • «Каб пражыць, ашчаджаю нават на цяпле» – беларусы пра свае пенсіі
  • «Гэты памёр, тую выкінулі з 9-га паверха», – беларусы пра жыццё ў камуналцы
  • У ЗША беларускія свечкі купляюць за 50 долараў, а ў нас не бяруць і за 10: бізнесоўцы пра імпартазамяшчэнне

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце.

Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках.

Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».

Глядзі таксама
Каментары