Асабісты капітал Крамы атакуюць спажыўцы-вымагальнікі


Прадпрымальнікі рэдка распавядаюць, як іхныя пакупнікі злоўжываюць правамі спажыўцоў. Каб не распаўсюджваць дрэннага прыкладу і не псаваць уласнай рэпутацыі. Таму афіцыйна ў Беларусі не існуе спажывецкага экстрэмізму. Але рэальных прыкладаў хапае.

Адной менскай мэблевай кампаніі судовая спрэчка аб кухні за 6 тыс. еўраў каштавала 15 тыс. еўраў. Наталля ў той справе рэпрэзентавала інтарэсы вытворцы. Пачалося ўсё з таго, што пакупнік захацеў адмовіцца ад кухні. Ён чакаў нямецкіх матэрыялаў, а тыя выявіліся беларускімі.

«Спачатку была адна прэтэнзія. Літаральна праз тыдзень з’яўляецца новая прэтэнзія, што там не хапае нейкіх элементаў», – узгадвае адвакатка Менскай абласной калегіі адвакатаў Наталля Майко.

Суду растлумачылі, што элементаў няма, бо мантаж не скончаны з віны замоўніка. Каб адмовіцца ад кухні, пакупніку патрэбныя былі істотныя недахопы. То бок цалкам непапраўныя або выпраўленне якіх перавысіць 30 % кошту тавару. Пакупнік іх мэтанакіравана шукаў… і знайшоў. Заявіў, што яму абяцалі кухню цалкам з масіву, а яна выявілася філянговай.

Суды цягнуліся два гады. Перамагаў то адзін бок, то другі. Але ў выніку спажывец атрымаў сваё.

У 95 % спрэчак перамагае спажывец. Зразумела, што фірмы імкнуцца не агучваць такіх гісторыяў. І спажывецкага экстрэмізму ў нас афіцыйна як бы не існуе. А тым часам сталічныя прадпрымальнікі звярнуліся да ўладаў з пытаннем аб кампетэнтнасці экспертаў таварыстваў аховы спажыўцоў.

У дасудовым парадку экспертызу тавару могуць ладзіць як эксперты Дзяржстандарту і Гандлёва-прамысловай палаты, гэтак і эксперты таварыстваў аховы спажыўцоў. Першыя праходзяць сур’ёзнае адмысловае навучанне, а ў таварыстве экспертам можа стаць проста чалавек з вялікім досведам працы на вытворчасці.

Ірына Хацкевіч праводзіць экспертызы ў судовым парадку, калі спажывец і прадавец не змаглі дамовіцца палюбоўна. Яна бачыла шмат некампетэнтных дасудовых высноваў. І ўпэўненая, што права праводзіць экспертызы трэба даваць адмыслоўцам толькі пасля сур’ёзнага і глыбока навучання. Ад тых высноваў часта залежыць, як будзе паводзіцца спажывец, ці будзе ён судзіцца з прадаўцом.

«Калі робіш экспертызу пасля такога даследавання, даволі часта атрымліваецца, што гэтыя высновы не пацвярджаюцца, а атрымліваюцца з дакладнасцю да наадварот супрацьлеглыя высновы», – тлумачыць Ірына.

У харчовых крамах ролю спажыўцоў-экстрэмістаў каторы год добра граюць прадстаўнікі псеўдатаварыстваў аховы спажыўцоў. Звычайна гэта працаўнікі камерцыйных кампаніяў, якія ладзяць курсы для прадаўцоў. А назвы маюць падобныя да назваў грамадскіх таварыстваў – са словам «спажывецкі».

«Падыходзіць да вітрыны, ціха гэты сырок выкладвае і сыходзіць. Потым другая… яны ўдваіх працуюць. Другая падыходзіць, бярэ і прабівае праз касу», – распавядае старшыня Пухавіцкай раённай арганізацыі «Беларускае таварыства аховы спажыўцоў» Васіль Валасюк.

Сырок, відавочна, пратэрмінаваны. Асобы называюцца звычайнымі пакупнікамі, бо прадстаўнікі таварыства не маюць права ладзіць кантрольныя закупкі. І выдаюць прапанову: ці прадавец ідзе на курсы, ці выклікаем санстанцыю.

Курсы для прадаўцоў каштуюць 110 рублёў, іх можна не наведваць, але трэба аплаціць. Прадаўцы спачатку пагаджаліся. Але калі з такімі «правяраннямі» пачалі завітваць штодня, то западозрылі звычайнае вымаганне.

Толькі ў Менску зарэгістраваныя 79 камерцыйных арганізацыяў, назвы якіх робяць іх падобнымі да таварыстваў спажыўцоў. Сталічныя крамы з імі ўжо даўно ваююць, і правяральнікі пайшлі па рэгіёнах. Пра гэтыя схемы ведаюць і чыноўнікі, і праваахоўнікі, але зачыняць кампаніі не спяшаюцца.

Цяпер імі зацікавіўся Дэпартамент фінансавых расследаванняў, але аб выніках яго высілкаў казаць пакуль рана.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Робім толькі на банкі: прыбыткі беларусаў сыходзяць на выплату пазыкаў
  • Працаўнікі ЖЭСу могуць не прыбіраць ваш пад’езд, калі не хочуць
  • Сто рублёў за вечар: як зарабляюць беларускія падлеткі

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце.

Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках.

Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».

Глядзі таксама
Каментары