Кожны пяты забіты ў СССР пісьменнік – беларус


Пісьменнік, даследчык Міхась Скобла лічыць, што беларуская нацыя дагэтуль не акрыяла пасля савецкага тэрору. Прычына – як у яго маштабах, так і ў палітыцы цяперашніх уладаў.

Днямі споўніцца 80 год з часу трагедыі, якую назвалі «чорнай ноччу» або «ноччу расстраляных паэтаў». 29-30 кастрычніка 1937 году ў турме НКВД у Менску расстралялі больш за сотню прадстаўнікоў нацыянальнай інтэлігенцыі.

«Гэта было вынішчэнне нацыянальнай эліты – пасіянарных асобаў, якія вялі за сабой народ. У тагачаснай імперыі не павінна было быць ніякіх народаў, апрача савецкага», – кажа Скобла.

Ён зазначае, што трэба казаць менавіта пра тэрор, а не пра рэпрэсіі. І прыводзіць такую красамоўную статыстыку: за некалькі дзясяткаў гадоў у СССР забілі 2000 пісьменнікаў, і кожны пяты з іх быў беларусам!

«Пра рэпрэсіі сёння, пра тэрор у школах і ВНУ дагэтуль расказваюць ледзь не шэптам. Таму што ў школьных праграмах па літаратуры чорным па белым указана мінімізаваць тэму рэпрэсіяў 1930-ых гадоў», – кажа Скобла. Апрача таго, «маладое пакаленне не можа зразумець рэпрэсіі, бо імёны тэрарыстаў на шыльдах нашых вуліцаў, на помніках. Яно не можа разабрацца: хто героі, хто ахвяры, хто каты?!».

«Вось з чаго трэба пачынаць дзяржаўную палітыку адносна тых самых Курапатаў», – перакананы пісьменнік і даследчык.

Падрабязней пра тое, як вынішчалі эліту беларускай нацыі, пра лёсы Міхася Чарота, які быў папулярнейшы за Янку Купалу, Цішкі Гартнага, першага кіраўніка ўраду Беларусі, ды іншых – у поўным выданні перадачы «Размова дня» са Святланай Калінкінай.