Коля выйшаў у народ. NEXTA на «Белсаце»


Суб’ектыўна пра галоўныя падзеі тыдня – у аглядзе Сцяпана Святлова.

Мікалай Лукашэнка ідзе ў народ! Валанцёры Галодных гульняў знялі відэа, на якім самы малодшы Лукашэнка прапаноўвае ім «сфоткацца».

«Мож сфоткаемся?»

Аднак, як вядома, канкурэнтаў «самы народны» кіраўнік краіны не любіць, таму і Коля, пакуль цэлы і спраўны, адразу падкрэсліў, што прэзідэнтам быць не збіраецца. Дарэчы, цікава, якая б была рэакцыя маладзёна, да прыкладу, на камеру «Белсату»?

«А какой канал? Белсат? О! Не! Усё, рабяты!»

Крыніца: Нехта

***

Гніенне Амерыкі працягваецца. Дзярждоўг максімальны, казна пустая, а грошай няма нават на рамонт дарогаў пасля праезду танкаў. Таму і даводзіцца вось гэткімі «дзядоўскімі» метадамі ратаваць асфальт, падкладаючы адмысловыя платформы, абы толькі зэканоміць лішнюю капейку. Іншая ж справа – Беларусь! Тут не шкада ані асфальту, ані грошай на даражэзныя парады (танк едзе ў людзей):

«Ура!»

Кожны год у падрабязнасцях узгадваюць, як вызвалялі краіну ад нямецкіх захопнікаў, а потым раптам аказваецца, што сёння…

«Наша краіна крыху падобная да асобных вобласцяў Нямеччыны…»

Аднак пакуль сама Нямеччына без пафасу і паказухі развіваецца ды застаецца першай эканомікай у Еўропе, Беларусь працягвае ўпэўнена трымаць лідарства менавіта ў паказусе, аграпафасе ды трэшы.

У рэгіёнах маштабна адзначылі гэтак званы «Дзень незалежнасці». Дасягненні мясцовай прамысловасці, дзіўныя арт-абʼекты, трактары з балонікамі ды танкі, коні, павозкі ды нават ролевыя гульні з палоннымі. Што праўда, пад канец дня ды з закрыццём пунктаў продажу алкаголю патрыятызм хуценька сышоў на нішто, а на вуліцах пачалі зʼяўляцца сапраўдныя «сімвалы незалежнасці».

На дзень незалежнасці ад народу і здаровага сэнсу Лукашэнка, дарэчы, прыехаў, на сваім новым «Майбаху» акурат нямецкай вытворчасці. Кажуць, што такога няма нават у Пуціна.

Аднак на фоне 270 мільёнаў долараў, выдаткаваных на Еўрапейскія гульні, чарговае папаўненне аўтапарку засталося амаль незаўважаным. Ну што такое пара мільёнаў еўраў? Слёзы для краіны!

«Ніякага марнатраўства бюджэтных сродкаў у будучым годзе мы дапусціць не можам. Не толькі ў будучым. Мы павінныя лічыць кожную капейку. Ніякіх закупак аўтамабіляў, акрамя цэнтралізаваных закупак. І ў нас свая аўтамабільная вытворчасць, я прашу гэта мець на ўвазе. Гэта датычыць усіх».

Сцяпан Святлоў, belsat.eu