Коля Лукашэнка спаліўся. NEXTA на «Белсаце»


Хто б не хацеў за дзяржаўныя грошы адпачываць і падарожнічаць па ўсім свеце? Хацелі б усе, а робіць гэта толькі сям‘я Лукашэнкаў. Пакуль тата сустракаецца з замежнікамі, што робяць ягоныя сыны?

Сям‘я Лукашэнкаў наведала Аб‘яднаныя Арабскія Эміраты. Кіраўнік Беларусі – з працоўным візітам, сыны – за кампанію. Старэйшы Віктар удзельнічае ва ўгодах, працоўных абедах, а ў малодшага Колі… проста канікулы. А як гэткія ж школьныя вакацыі правялі іншыя беларускія дзеткі?

Жыхары Магілёва:

– «Як часта ездзіш за мяжу?»

– «Я яшчэ ніводнага разу нідзе не была».

– «А куды б ты хацела?»

– «Ды хоць куды!»

«Дзве старэйшыя дзяўчынкі, яны ў трэцім класе, сядзелі дома, адны, пад замкамі, бо бабуля і маці – на працы».

«Быў я ў бабулі, ёй там дапамагаў».

«У вёску ездзім, у вёску. За мяжу – дорага».

«Гуляў на вуліцы і ўсё».

«Нікуды ён не ездзіць… Адкуль магчымасць такая? Канечне, няма!»

Але канікулы скончыліся, дзеткі вярнуліся за школьныя парты. Але не ўсе. Коля Лукашэнка працягнуў замежнае турнэ – паляцеў у Еўропу. Відэакамеры беларускіх дзяржаўных медыяў стараліся не факусавацца на малодшым Лукашэнку, аднак ад нашага пільнага воку нічога не схаваецца. Але пакуль тата адказваў на нязручныя пытанні еўрапейцаў, што рабіў Коля? Выконваў праграму, прызначаную для першай лэдзі, пра што апавяло аўстрыйскае выданне «Kronen Zeitung». У свеце так прынята: пакуль прэзідэнты размаўляюць, для іхных жонак ладзяць адмысловыя турыстычныя экскурсіі. У беларускага лідара, як даведаліся еўрапейцы, сям‘я нетыповая…

Жыхары Магілёва:

«Складана ўявіць, куды яшчэ можа трапіць гэтае дзіця».

«Ужо аб’ездзіў усё што толькі можна».

«Ёсць сродкі, ёсць магчымасць – хай тата вязе». – «А куды?» – «Куды заўгодна! Ха-ха!»

«Калі Коля паедзе на Балі і ў іншыя краіны, тым больш будзе наш прэзідэнт ведаць пра тое, як у іншых краінах».

«Усе ўсё разумеюць цудоўна».

Куды глядзіць Лукашэнка?

Цёплы позірк, усмешка… На каго гэтак ласкава можа глядзець Аляксандр Лукашэнка?

Жыхары Магілёва:

«Гэта на сваё каханне, на дзяўчыну».

«Глядзіць з захапленнем… На некага няроўнага сабе, але больш значнага».

«Мяркую, на жанчыну».

«Мабыць, на нейкую дзяўчыну».

«Прэзідэнт глядзіць… на дзяцей, мусіць».

«Ха-ха. На каго хоча. На Радзіму».

«На народ, напэўна».

«На беларускі народ».

Гэтак Аляксандр Рыгоравіч глядзіць на мільянера, арабскага шэйха. На народ Беларусі кіраўнік краіны зазвычай глядзіць інакш.

Жыхары Магілёва:

«Злосць нейкая».

«Нечым незадаволены».

«Ха-ха. На калгаснікаў!»

«Выхоўваць некага, вучыць».

«На сельскіх жыхароў».

«Гэта гонар – усё расце ў нас, у нас сельская гаспадарка самая магутная ў свеце».

«На прадаўца гаворыць: чаму такая капуста, вельмі гадкую прадаяце».

«На нешта такое. Я думаю, ніжэй па грамадскім стане».

«Белсат» – гэта таксама народ. Гэткім позіркам адарыў нашага журналіста Аляксандр Лукашэнка падчас свайго візіту ў Вену. А гэткі позірк скіраваў на аўстрыйскую жанчыну. Відаць, кепска чытаў кіраўнік Беларусі класікаў айчыннай літаратуры, якія казалі любіць трэба і сваё… перадусім сваё.

Вольга Старасціна, Сцяпан Святлоў belsat.eu