Коля Лукашэнка нахімічыў. NEXTA на «Белсаце»


А ні слова больш пра інтэграцыю! Такія словы Лукашэнкі вельмі добра ілюструюць сітуацыю, у якой апынуліся некалькі дзясяткаў беларусаў, якія пратэставалі супраць інтэграцыі. Суддзі адсвяткавалі Раство, але ці судзяць гэтых людзей цвяроза – пытанне.

Размаўляць пра незалежнасць удома – танней, хоць плёну з гэтага – нуль. Не можаш ціха назіраць за інтэграцыйнымі абдымкамі – трапіш у кола «…рознага кшталту правакатараў, драк вось гэтых, вулічных баёў за незалежнасць і суверэнітэт». Так назваў мірныя пратэсты кіраўнік Беларусі.

Разам з аднадумцамі давядзецца збіраць на штрафы. Скідваліся, скідваемся і будзем скідвацца! 400-500 долараў спаганяюць суды з кожнага, на каго склалі пратакол за ўдзел у снежаньскіх акцыях супраць інтэграцыі.

Да правакатараў, якія ўчыняюць вулічныя баі за незалежнасць, далічылі журналістку Дзіяну Серадзюк. Сёння яе судзілі за ўдзел у акцыі 20 снежня.

«Усё б нічога, але на самай справе мяне там не было. Я была зусім у іншым месцы і не разумею, чаму мяне хочуць судзіць», – разводзіць рукамі Дзіяна.

Каго яшчэ з апазіцыі сілавікі апазналі на мітынгу? Удзельнік акцыяў Глеб Рубанаў распавядае:

– Адвакатка пытаецца: а каго яшчэ з апазіцыі вы пазналі на гэтым мітынгу?

– Севярынец, Статкевіч, Спарыш, Сіўчык…

– Можа яшчэ каго-небудзь?

– Жонка Севярынца.

– А можа кагосьці, у каго прозвішча не на літару «С» пачынаецца, вы пазналі?

Тут павісае паўза…

Лукашэнку на літару «Л» за публічныя прызнанні аб суверэнітэце судзіць не збіраюцца:

«Мы ідзём не проста па тонкім лёдзе ці па лязе… мы ідзём і хістаемся злева направа, і не дай бог нятрапны няправільны крок – мы згубім усё».

Ці той, хто вывеў краіну на гэты тонкі лёд, мае права затыкаць раты і казаць: «Трэба спыніць усе размовы пра суверэнітэт і незалежнасць?» Галоўны хакеіст упэўнена выйграе аматарскія турніры на лёдзе. У Калядным турніры забіў 49 галоў, і ў выніковым спаборніцтве абышоў Расею. Але на чужым лёдзе – нешта замінае…

Жыхары Віцебску на гэта:

«Гэта ж як хобі, прабачце, гэта правакацыйнае пытанне. Гэта ж хобі ў прэзідэнта».

«Няхай гуляюць, але паглядзіце на 9-ую шайбу, якую ён закінуў амерыканцам…»

«Так, я ўпэўненая ў гэтай камандзе прэзідэнта».

«Я лічу, што іх трэба на Алімпіяду накіраваць. Глядзіце колькі б медалёў атрымалі».

З алімпіядамі – гэта да малодшага Лукашэнкі. Мікалай хоць урокі і прагульвае, але медалі збірае, апошні – у раённай Алімпіядзе па хіміі. Што забраў «чужую» – ніхто сказаць не наважыцца, бо беларусы не крадуць!

«Беларусы не возьмуць тое, што ім не належыць, у адрозненне ад украінцаў, расейцаў і іншых суседзяў!»

Гэтак заявіў напярэдадні Колін тата, які не супраць, а нават ЗА тое, каб кралі. І яшчэ:

«Хто, Сяргей Сяргеевіч, перашкаджае нашым вялікім кіраўнікам канцэрнаў, прабачце мяне, скрасці гэтыя лякалы за мяжой і пашыць тут гэтую вопратку?»

Ці іншым разам:

«Скрадзіце, адкапайце, знайдзіце – што заўгодна, але план $ 500 мае быць выкананы… Ад гэтага мы нікуды не падзенемся».

Сам загадаў красці і сам жа стаў на чале змагання з карупцыяй! Летась за краты за хабар і службовыя перавышэнні трапілі сотні чыноўнікаў і дзяржслужбоўцаў дробнага, сярэдняга і вышэйшага звяна.

Юлія Цяльпук, Сцяпан Святлоў belsat.eu

Фота – прэсавая служба прэзідэнта Таджыкістану