Учора ў Віцебску, а ўжо заўтра ў Менску. Акторы Коласаўскага тэатру пакажуць у тэатральнай зале Нацыянальнага цэнтру сучасных мастацтваў кухонны трылер «Каралева прыгажосці з Лінэну» паводле п’есы Марціна МакДонаха.
Гэта твор пра дачыненні паміж маці і дачкою, пра нялёгкі выбар, які мы робім штодня, пра нацыянальную годнасць і посткаланіяльны сіндром. «Каралева прыгажосці» – дыпломная праца Ірыны Цішкевіч, акторкі Коласаўскага тэатру, якая летась атрымала дыплом рэжысёра драмы ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
«Калі я сутыкнулася менавіта з гэтай пʼесай, я зразумела, што мяне вельмі хвалююць тыя ўзаемаадносіны паміж бацькамі і дзецьмі, якія ўзняў Марцін МакДонах у гэтай пʼесе», – тлумачыць Ірына Цішкевіч.
У спектаклі толькі чатыры персанажы, з іх два галоўныя. Іхныя ролі выконваюць прыма Коласаўскай сцэны, заслужаная артыстка Беларусі Таццяна Ліхачова і артыстка Анжэліка Баркоўская.
Рэжысёрка спектаклю сцвярджае, што найлягчэй працаваць менавіта з калегамі:
«Яны ўсе мяне ведаюць, яны мяне адчуваюць, і ім таксама становіцца цікавым той момант, што мы ствараем нешта новае і пэўна маладое».
Коласаўскі тэатр не выязджаў у Менск з 2009 года. Спектакль «Каралева прыгажосці з Лінэну» можна пабачыць заўтра на сцэне Нацыянальнага цэнтру сучасных мастацтваў а 19:00.
Іншыя тэмы: Батлейка з чыгункаю ў менскім касцёле Святога Роха. 125-годдзе Браніслава Тарашкевіча адзначылі ў Вільні.
Глядзіце таксама:
Аляксандра Дорская, Ірына Дарафейчук, belsat.eu