Князь Альгерд у выяўленчым мастацтве


У менскі Палац мастацтва прывезлі з Віцебску выставу, прымеркаваную да 720-годдзя з дня нараджэння славутага князя Вялікага Княства Літоўскага.

Менавіта ў Віцебску Альгерд уладарыў перад тым, як стаць вялікім князем літоўскім.

«Яна атрымалася вельмі свойскай, бо гэта наш князь. Тут у яго гняздо, ён тут жыў, нараджаў сваіх дзяцей, кахаў сваіх жонак. Мы родзічы, мы адной крыві», – кажа куратарка выставы, мастачка Святлана Баранкоўская.

Паўсотні беларускіх творцаў паказалі свае творы, у якіх увасобілі вобраз Альгерда.

«Мы нават не думалі, што ў Беларусі столькі мастакоў, якіх цікавіць гэтая тэма», – кажа куратарка.

«Гэта дае спадзеў на тое, што ў Беларусі будзе гістарычнае мастацтва і будзе больш гістарычных выставаў. А чым больш іх будзе, тым больш людзі будуць памятаць пра сябе і будаваць прыгожую Беларусь», – лічыць яна.

Баранкоўская дадае, што цяпер ідуць перамовы, каб зладзіць у Віцебску шэраг выставаў, прысвечаных выбітным дзеячам. Абавязкова будзе выстава, прысвечаная 500-годдзю кнігадрукавання, выбітным асобам – Канстанціну Астрожскаму, Льву Сапегу, Статуту Вялікага Княства Літоўскага».

Але гэта ў планах. А да канца тыдня можна яшчэ пабачыць князя Альгерда – у выставачнай зале Палацу мастацтва.

Іншыя тэмы:

  • Монаспектакль «Сад» Андрэя Саўчанкі ў этнацэнтры «Рагна».
  • Кавер на «Родны край» ад моўных курсаў «Мова нанова».

Валерыя Уласік, Ірына Дарафейчук, «Белсат»