Кніга пра чараўніка Гары Потэра ўпершыню з'явілася па-беларуску


З’яўленне ў Беларусі па-беларуску кнігі «Гары Потэр і філасофскі камень» можна смела назваць падзеяй тыдня, а для многіх гэта можа стаць і падзеяй года, калі не жыцця.

Дзякуючы таленту Джаўэн Роўлінг, бяруць у рукі кнігі, адкладаючы смартфоны нават хуліганы. І як у выпадку з Уладзімірам Караткевічам і яго «Дзікім паляваннем» мова перастае быць перашкодай, а робіцца багаццем.

Яны бягуць не па бургеры ды не па айфоны. Гэтак менчукі, фанаты Гары Потэра, спяшаліся па любімую кнігу на беларускай мове. За 21 год існавання сагу пра чарадзея Потэра пераклалі на 80 моваў, і вось нарэшце магія Джаўэн Роўлінг спрацавала ў сталічнай кнігарні «Светач». Дзень нараджэння Гары Потэра ў нашай культуры – свята для многіх.

«Гэта была любоў з першага погляду проста! І вось гэтая кніга выходзіць у маёй краіне на маёй мове».

«Гэта для мяне ўжо проста частка жыцця. Як я магу не любіць сваю правую руку? Гэтак сама я не магу сказаць, за што я люблю Гары Потэра. Я расла разам з ім».

«Свет абсалютна чароўны, у яго добры пасыл, высмейваюцца нейкія рысы брытанскага грамадства. Гэта цікава чытаць, ненадоўга акунуцца ў дзяцінства».

«Спадзяюся, што змагу прачытаць усе кнігі, і мае дзеці таксама змогуць прачытаць іх на беларускай мове», – кажуць чытачы.

У смелых планах выдавецтва «Янушкевіч» – усе 7 раманаў. Пакуль з’явіўся першы – «Гары Потэр і філасофскі камень», і ўжо за яго ішла бітва з праваўладальнікам. Адпавядаць мусіць усё: папера, шрыфт, цвёрдая вокладка з імітацыяй шоўку, ілюстрацыі амерыканскага мастака Браяна Сэлзніка.

Пытанні ў праваўладальніка былі і да перакладчыцы Алены Пятровіч. Улічыўшы хібы расейскіх перакладаў, яна імкнулася пакінуць твор як мага бліжэйшым да арыгіналу:

«Як мінімум незвычайным будзе тое, што Нэвіла Лангботама будуць зваць Нэвіл Лангботам, а не Нэвіл Даўгапупс. Я наадварот мінімальна абеларушвала, бо я намагалася пакінуць гэты твор брытанскім. Хоць ён і пра магічны свет, але глабальна і глыбінна ён усё адно брытанскі», – тлумачыць перакладчыца Алена Пятровіч.

Казачны свет вабіць: там можна зварыць зелле, прымерыць размеркавальны капялюш і згуляць у зачараваныя шахматы. Ужо 6 лютага ў Менску адбудзецца Кніжная ноч Гары Потэра – міжнародная акцыя, якую ладзяць па ўсім свеце з ініцыятывы выдавецтва «Bloomsbury» ды самой Джаўэн Роўлінг.

Тым часам потэраманія ахапіла і менскі вакзал. Тут зʼявілася знакамітая платформа «9 і тры чвэрці», адкуль ідзе цягнік на Хогуартс – у школу магіі і чарадзейства, дзе прыгоды цяпер адбываюцца і па-беларуску таксама.

Аляксандра Дорская belsat.eu