Гарачы каментар Класкоўскі: Прапанова стаць прэм’ерам Расеі можа скончыцца для Лукашэнкі турмой


Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі лічыць, што Аляксандр Лукашэнка не пагодзіцца стаць прэм’ер-міністрам Расеі.

Вядомы расейскі журналіст Мікалай Сванідзэ ў эфіры радыёстанцыі «Серебряный дождь», спаслаўшыся на крыніцу ў высокіх менскіх сферах, сцвярджае, што Крэмль запрапанаваў Аляксандру Лукашэнку пасаду прэм’ера ў абяднанай расейска-беларускай дзяржавы.

«Прыйшла новая прапанова «бацьку» з нашага боку, ад Крамля. І там нібыта ідзе гандаль… А менавіта – што «бацька» будзе прэм’ер-міністрам аб’яднанай дзяржавы… Зроблена яму такая прапанова… што ён будзе не генерал-губернатарам суб’екта федэрацыі пад назвай «Беларусь», ці некалькіх суб’ектаў федэрацыі з такой назвай… Дэталі мне невядомыя. Чаму не прэзідэнтам?.. Калі аб’ядноўваюцца вялікі і маленькі, то натуральна кіраўнік вялікага становіцца галоўным… Прапануецца 6 гадоў», – сказаў Сванідзэ.

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі, які скаментаваў гэтую заяву ў эфіры «Гарачага каментару», лічыць, што апошнім часам у інфармацыйнай прасторы з’явілася мноства ўкідаў адносна будучыні Саюзнай дзяржавы, але ў выпадку гэтых чутак варта звярнуць увагу на крыніцу: Сванідзэ, кажа эксперт, – даволі аўтарытэтная персона.

«Не выпадае думаць, што яго выкарыстоўваюць як шасцёрку», – падкрэслівае Класкоўскі.

На думку Класкоўскага, што б Крэмль, ні прапанаваў, аднак, для Лукашэнкі гэта будзе ўсё роўна горшым варыянтам, чымся быць кіраўніком асобнай краіны.

«Ён пануе амаль чвэрць стагоддзя – і мае ўсё што хоча», – кажа Класкоўскі.

«Няхай ён будзе другой асобай у новай канструкцыі, але, так ці інакш, ён трапляе ў падначаленне да Пуціна і становіцца вінцікам вертыкалі. І заўтра ён у гэтым крэсле, а паслязаўтра – вылятае з яго. Пад любой падставай яго адпраўляюць на пенсію лавіць рыбу ці граць у хакей – і гэта не найгоршы варыянт. Бо могуць і кайданкі апрануць», – падсумоўвае Аляксандр Класкоўскі.

Поўную размову з Аляксандрам Класкоўскім глядзіце ў відэа

Глядзі таксама
Каментары