Класкоўскі: Дэпутаты чатыры гады ўхвалялі антынародныя рашэнні


Палітычны аглядальнік выказаўся пра дзейнасць Палаты прадстаўнікоў.

Сам сябе не пахваліш – аніхто не пахваліць. У час апошняй, дзясятай сесіі Палаты прадстаўнікоў пятага склікання яе спікер Уладзімір Андрэйчанка сваё развітальнае слова прысвяціў кампліментам сабе ды калегам па Палаце. Каментуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

«Беларускі парламент, відавочна, не ёсць парламентам у сапраўдным сэнсе гэтага слова. Гэта практычна нейкі філіял Адміністрацыі прэзідэнта. І вельмі паказальна, што сам цэнтр заканадаўчай творчасці падпарадкоўваецца менавіта прэзідэнцкай адміністрацыі, а не заканадаўчай уладзе. Таму фактычна ўсю гэтую кадэнцыю, усе гэтыя чатыры гады, дэпутаты спраўна ўздымалі рукі за тое, што ім спускалі зверху», – заявіў Аляксандр Класкоўскі.

Паводле яго, цягам апошняй кадэнцыі парламент або ўхваляў, або маўкліва згаджаўся з фактычна антынароднымі рашэннямі

Разам з тым, на думку Аляксандра Класкоўскага, у Беларусі няма магчымасці паўплываць на парламент.

«Нават у Польшчы адмянілі законапраект аб абортах, калі людзі выйшлі на Плошчу. А ў нас калі выходзяць на Плошчу, дубінай па галаве – і ўся размова», – адзначыў госць «Гарачага каментара».