Гарачы каментар Класкоўкі: Беларускі рэжым будзе круціцца як вуж на патэльні


Палітычны аглядальнік пракаментаваў напады Аляксандра Лукашэнкі на Расею.

Аляксандр Класоўкі мяркуе, што гібрыдная вайна паміж Беларуссю ды Расеяй ідзе ўжо даўно. І тлумачыць чаму:

«Першым крокам было тое, што з пачатку года беларускі бок пачаў стаў плаціць за пастаўкі расейскага газу «справядлівую» цану. Яна была ўсталяваная ў аднабаковым парадку: вырашылі плаціць за тысячу кубоў па $ 73, а не па $ 132, як належала паводле кантракту. Натуральна, што аблгазы самі б не наважыліся на такую дзёрзкасць. Гэта было санкцыявана з самага верху беларускага кіраўніцтва. Так што першы дзёрзкі і правакацыйны ход зрабіў беларускі бок. Іншая рэч, што, сапраўды, Расея задзірае цану на газ. Яна ўжо для еўрапейцаў цэны значна болей знізіла, бо з патанненнем нафты заўжды таннее і газ».

На думку палітычнага аглядальніка, Менск і Масква заўсёды высвятлялі свае «брацкія» адносіны «паводле паняткаў»:

«Часта выйграваў беларускі бок за кошт сваёй дзёрзкасці і скандальнасці. Так выглядае і цяпер: на нейкім этапе ў Лукашэнкі лопнула цярпенне, таму што ён спадзяваўся вырашыць пытанне цаны на газ без лішняга шуму. Але зʼездзіў і вярнуўся, як мыла зʼеўшы віцэ-прэмʼер Сямашка, «прадынамілі», як кажуць. У выніку Лукашэнка вырашыў сказаць усё, што ён думае дэ-факта пра Пуціна і пра інтэграцыю. Гэты саюзны чыноўнік Рапота быў толькі перадаткавым звяном».

У той жа час госць «Гарачага каментару» прагназуе нафтагазавы кампраміс. І заяўляе, што Саюзная дзяржава Беларусі ды Расеі ўжо даўно ператварылася ў чамадан без ручкі:

«Вось гэты бясслоўны чыноўнік Рапота, які толькі ківаў галавой, – увасабленне бутафорскай дзяржавы і чыноўнікаў, якія ў Саюзнай дзяржаве дзеля мэблі. Цяпер ужо галоўны акцэнт Крэмль зрабіў на еўразійскую інтэграцыю, і тут ужо самі па сабе адпалі ўсе фразы пра славянскае братэрства, бо там ужо і Казахстан, і Кыргызстан. Але і Еўразійскі саюз не пайшоў, і тут Лукашэнка месіць па поўнай праграме, кажучы, што «мы адклічам назад сваіх чыноўнікаў». Гэта пагроза згарнуць еўразійскую інтэграцыю».

Напрыканцы размовы Аляксандр Класкоўскі акрэслівае, як беларускія ўлады паводзяць сябе ў дачыненнях з усходняй суседкай:

«Сёння беларускі рэжым круціцца як вуж на патэльні. Ён разумее, што трэба ўмацоўваць дачыненні з Захадам. І разам з тым для прыроды гэтага рэжыму заходнія каштоўнасці абсалютна чужыя».

Глядзі таксама
Каментары