Кіроўцы Менсктрансу скардзяцца на ўмовы працы, штрафы і ціск кіраўніцтва


Здымачная група «Маю права» накіравалася ў аўтобусны парк № 6 у Менску. Кіроўцы аўтапарку казалі, што ў іх назапасілася шмат неразвязаных праблемаў, пра якія яны і намерыліся нам апавесці. Спачатку Сяргей Лабыш звярнуў увагу на працоўныя гадзіны кіроўцаў аўтобусаў.

«Не адпачываем цалкам, 2–3 гадзіны ў нас забіраюць», – скардзіцца спадар Сяргей.

Раней у калектыўнай дамове быў прапісаны пяцідзённы працоўны тыдзень і васьмігадзінны працоўны дзень. Цяпер адбыліся змены.

«Нам кажуць, што рэспубліканскі план даводзіцца парку, даводзяцца толькі гадзіны, але не дні, – тлумачыць кіроўца. – Таму ў нас цяпер толькі 8 выходных на месяц. А па календары належыць 9–10».

Мaю прaвa
Месяц працы без выходных і святаў. Заробак 136 рублёў. Як жывецца калгаснікам?
2020.03.26 16:00

Спадар Сяргей на прыкладзе свайго лістка ўліку працоўных гадзінаў прадэманстраваў, як знікае адпрацаваны час кіроўцы.

«А 15:00 – пачатак змены, канец – а 02:07. Мінус абед гадзіна і пяць хвілінаў, і ў мяне адпрацаваныя 10 гадзінаў 2 хвіліны. Але ў мяне пазначана [у лістку] 9 гадзінаў 47 хвілінаў. Атрымліваецца, 15 хвілінаў ужо няма. І гэта толькі за адзін дзень. А за месяц, 23 працоўныя дні, набягае амаль працоўны дзень», – адзначае Сяргей Лабыш.

Калі кіроўцы аўтапарку № 6 спрачаюцца з кіраўніцтвам, іхную працу пачынаюць шчыльна пільнаваць, і штрафаваць за любую правіннасць. На нашага наступнага суразмоўцу, Вячаслава Нікіфарава, склалі пяць рапартаў за месяц.

«Я тройчы звяртаўся да намесніка дырэктара Краўчанкі наконт таго, што парушаюцца рэжым працы і адпачынку, на ўсе парушэнні паказваў. На што ён мне адказваў: «Не падабаецца – калі ласка, у аддзел кадраў!», – распавядае кіроўца.

Працоўная камісія: «Парушэнняў няма»

Спадар Вячаслаў накіраваў скаргі ў Міністэрства працы, санэпідэмстанцыю ды іншыя органы, – з патрабаваннем праверыць адпаведнасць умоваў працы санітарным нормам. Працоўная камісія, створаная на прадпрыемстве, парушэнняў не заўважыла.

«Мне далі адказ, што ў нашым філіяле на кожнай дыспетчарскай станцыі ёсць пакой для адпачынку, буфет, гарачыя абеды, ёсць магчымасць пагрэць… Усе санітарныя нормы выконваюцца, – кажа Нікіфараў, разам з якім мы прыехалі на ДС «Сокал». – Дзе тут дыспетчарская? Не бачу! На «Сокале», на «Вялікім камяні» ў нас няма дыспетчарскіх наагул».

Размова
У Беларусі – найгоршыя ў свеце ўмовы для працы
2020.02.27 21:20

Мы паспрабавалі даведацца ў Аляксандра Цішкевіча, дырэктара аўтобуснага парку № 6, ці будуць развязвацца праблемы, пра якія нам паведамілі кіроўцы:

«Усе інтэрв’ю дае вышэйшае кіраўніцтва. Калі яны патэлефануюць, тады я буду з вамі размаўляць». – «Ясна. Праблемы кіроўцаў вашых будуць развязаныя або не?» – «Усё! Калі ласка, пакіньце тэрыторыю!»

На думку старшыні прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча, у гэтай сітуацыі адзінае дзейснае выйсце для кіроўцаў аўтапарку № 6 – італьянская забастоўка.

«Павінны падпісаць калектыўную заяву, хто на гэтых маршрутах робіць: або вы нам робіце ўсё паводле заканадаўства, або мы заўтра выходзім на працу, але не едзем. Усё! І падпісалі чалавек 40–50 гэтую заяву. Салідарнасць – гэта першае, што можа дапамагчы дамагчыся сваіх правоў!» – падсумаваў кіраўнік незалежнага прафсаюзу.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • На Берасцейшчыне сям’я змагаецца за права выхоўваць дзіця
  • Лячыць СМА за кошт дзяржавы не будуць
  • У Шчучыне работнікі пазбаўленыя магчымасці працаваць

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.