Гарачы каментар Кіраўнік магілёўскага ТБМ: У нас свая гісторыя абвяшчэння БНР


Сотая гадавіна абвяшчэння Беларускай народнай рэспубліку – вартая нагода, каб прысвяціць ёй не адзін дзень, ды нават не адзін тыдзень. У плане магілёўскага аргкамітэту імпрэзы на цэлы год.

Пры гэтым галоўным днём нечакана стане 31-га сакавіка – стагоддзе таму ў гэты дзень Магілёўскі беларускі камітэт падтрымаў стварэнне БНР.

У «Гарачым каментары» – кіраўнік магілёўскай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы і старшыня аргкамітэту святкавання стагоддзя БНР Алег Дзьячкоў.

«У нас свая адметная крыху гісторыя. Бо роўна 100 год таму, 31 сакавіка, у Магілёве адбыўся прадстаўнічы сход у будынку Марыінскай жаночай гімназіі. Гэты будынак захаваўся да нашых дзён, зараз ён знаходзіцца на цэнтральнай вуліцы Першамайскай. Там знаходзіцца сярэдняя школа N 1. І вось там адбыўся сход па ініцыятыве магілёўскага Беларускага нацыянальнага камітэту, на якім было 400 прадстаўнікоў розных грамадскіх і палітычных арганізацыяў. І большасцю прысутных тады ў Магілёве была прызнаная ўлада Беларускай народнай рэспублікі. І старшынём сходу быў Міхаіл Кахановіч – старшыня Беларускага нацыянальнага камітэту ў Магілёве. Пасля праз пэўны час ён паехаў у Вільню і стаў першым дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі», – заявіў Алег Дзьячкоў.

Глядзі таксама
Каментары