Кінапрэмʼера тыдня: «Той, хто бяжыць па лязу»


Неўзабаве рэалізуецца прага аматараў культавага ў свае часы фільма з назвай «Той, хто бяжыць па лязу», паглядзець доўгачаканы працяг. Складаная фантастыка гасцюе на нашых кінаэкранах досыць рэдка.

Гарысану Форду цяпер 75! У класічным фільме «Той, хто бяжыць па лязу» Форд здымаўся ў 40. Раяну Гослінгу цяпер 36. Ён у росквіце сваёй карʼеры. Сцэнар стужкі не раскрываюць. Нават, адмовіліся паказваць фільм на фестывалях у Венецыі і Таронта. Каб ніхто не даведаўся пра змест фільма да прэмʼеры.

Што мы ведаем дакладна пра фільм? Усё адбываецца ў будучыні. У свеце суіснуюць людзі і рэпліканты, якіх стварылі, каб яны займаліся найцяжэйшай працай. Галоўны герой – паліцыянт Кей. Ён мусіць даглядаць за рэплікантамі. Раптам ён пазнае сакрэтную інфармацыю, якая ставіць пад пагрозу існаванне ўсяго чалавецтва. Герой Гослінга шукае Рыка Дэкарта (у выкананні Гарысана Форда), які знік шмат гадоў таму.

Магчыма, ён дапаможа знайсці ключ да разгадкі… Класічны фільм здымаўся паводле фантастычнага рамана Філіпа Дыка. Праўда, рэжысёр Рыдлі Скот так ніколі і не прачытаў той раман. Ён здымаў трывожную будучыню паводле сваіх уяўленняў. Цяпер жа Рыдлі Скот выступае ў якасці выканаўчага прадзюсара.

«Той, хто бяжыць па лязу – 2049» выйдзе ў беларускі пракат 5-га кастрычніка.

Сяргей Філімонаў, «Белсат»