«Кінапрэмʼера тыдня»: «Мумія» і «Забойства свяшчэннага аленя»


Не так даўно на паўднёвым узбярэжжы Францыі адгрукатаў 70-ты кінафестываль у Каннах. Падводзім вынікі.

Сярод натоўпу заўсёднікаў выдзялялася Нікоўл Кідмэн, яна знялася ў фільме «Забойства свяшчэннага аленя». Аматараў жа блокбастараў неўзабаве здзівіць Том Круз, які з нейкай нагоды трапіў не ў чарговы шпіёнскі трылер, а ў наступную серыю папулярнай франшызы «Мумія». Так, пра старажытны Егіпет і ўсё такое.

Бюджэт «Муміі» не аглушальны, але і не такі сціплы – $ 125 млн.

Том сказаў, што Мумія прыйшла на прэмʼеру і што зараз яна сустрэнецца з вамі. Пасля гэтых словаў драпіроўку скінулі і ўсе ўбачылі гіганцкі саркафаг.

«У 8 гадоў, у 10 я захапляўся рознымі страшнымі байкамі. Маймі героямі былі персанажы Барыса Карлава ці Бэлы Лугасі. Цяпер жа, бачыце, я сам трапіў у такі фільм і паспрабую разам са стваральнікамі напалохаць аўдыторыю ўсіх узростаў», – адзначыў Том Круз.

Апрача Тома Круза ў новай Муміі здымаўся і Курт Расел. Рэжысёра стужкі Алекса Курцмана ведаем па «Новым чалавеке-павуку», «Стартрэку» ці «Ілюзіі падману». Карацей, старажытная Мумія ажыла ды абрала героя Тома Круза для ажыццяўлення сваіх планаў. А як гэта будзе выглядаць, мы ўбачым у беларускіх кінатэатрах пасля 8 чэрвеня.

У Каннах жа блішчэла Нікоўл Кідмэн. У чэрвені ёй стукне 50. Акторка здымалася ў некалькіх фільмах фестывалю, але скандальную ўвагу атрымала «Забойства свяшчэннага аленя» рэжысёра Ёргаса Лантымаса. Напарнікам Кідмэн у гэтым фільме быў Колін Фарэл. Дарэчы, ён здымаўся і ў папярэднім фільме Лантымаса – «Лобстар». Так што актор можа лічыцца рэжысёрскім улюбёнчыкам.

Фарэл увасабляе тут хірурга. Спачатку незразумела, чаму ён клапоціцца пра пэўнага хлопца. Але потым высвятляецца, што ён падчас аперацыі бацькі хлапчука быў пʼяны і выпадкова забіў пацыента.

Нікоўл Кідман кажа:

«У Лантымаса так цяжка здымацца. Ён патрабуе дасягаць мэты мінімальнымі высілкамі. Па сутнасці «Забойства свяшчэннага аленя» – фільм аб тым, чаму ў свеце пануе дысканект і абыякавасць».

«Лобстар» быў адным з найцікавейшых фільмаў апошніх гадоў, таму будзем чакаць і гэтага «Аленя» з захапленнем. Паводле сюжэту хлопчык плануе пазнаёміць хірурга са сваёй маці, удавой забітага хірургам пацыента. Але доктар жанаты. Праўда, хлопчык не лічыць гэты факт перашкодай.

«Забойства свяшчэннага аленя» мы ўбачым у беларускіх кінатэатрах толькі ў кастрычніку.

Глядзіце таксама:

Сяргей Філімонаў, belsat.eu